Пастанова ўносіць некаторыя зьмены ў «Правілы ўнутранага распарадку папраўчых установаў адкрытага тыпу».
Гэтыя правілы для ўстановаў, якія ў народзе завуць «хіміяй», былі прынятыя ў 2017 годзе, калі кіраўніком МУС быў Ігар Шуневіч.
З 12 ліпеня 2024 году пачынаюць дзейнічаць зьмены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі, якія тычацца ў тым ліку парадкаў на «хіміі».
У разьвіцьцё іх МУС і выдала сваю пастанову.
Вырасьце максымальны тэрмін дысцыплінарнага пакараньня «хімікаў»
Асноўнае новаўвядзеньне ў новай рэдакцыі кодэксу, паводле беларускіх праваабаронцаў, — гэта падаўжэньне максымальнага тэрміну пакараньня «хіміка» «дысцыплінарнай ізаляцыяй» з 10 да 15 дзён. Для адбыцьця такога пакараньня «хіміка» зьмесьцяць у ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), які знаходзіцца на тэрыторыі адміністрацыйнага раёну, або ў ШЫЗА.
Але хто будзе аплачваць харчаваньне пакараных ізаляцыяй «хімікаў»? Ранейшыя правілы «хіміі» гэтае пытаньне не агаворвалі, а «хімікі», як вядома, гатуюць сабе ежу самастойна і харчуюцца за свой кошт.
Дзяржава спаганяе з «хімікаў» толькі камунальныя плацяжы, што было агаворана пунктам 51.19 правілаў.
«Штомесяц кампэнсаваць кошт камунальных паслуг, якія аказвае ПУАТ, у вызначаным законам парадку», — гаварылася ў правілах для папраўчых установаў адкрытага тыпу (ПУАТ) узору 2017 году.
Міністар Кубракоў вырашыў гэты недахоп выправіць і падпісаў пастанову, у якой пункт 51.19 правілаў скарэктаваны. З былой рэдакцыі пункту 51.19 зьнікла слова «штомесяц», але зьявілася тлумачэньне, хто мусіць плаціць за харчаваньне.
Паводле ўнесеных зьменаў, цяпер самі асуджаныя, якіх ізалявалі, абавязаныя «кампэнсаваць кошт харчаваньня, якое даецца асуджаным, зьмешчаным у ІЧУ пры выкананьні меры пакараньня ў выглядзе дысцыплінарнай ізаляцыі».
Новаўвядзеньні пра бытавую тэхніку
Паводле новых зьменаў у Парадак адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі «хімікам» цяпер забараняецца захоўваць у памяшканьні бытавую і электронную тэхніку. Раней ім забаранялася толькі карыстацца такой тэхнікай у памяшканьні, дзе знаходзіцца атрад, але мець яе пры сабе дазвалялі. Цяпер и гэта нельга.
Яшчэ адно новаўвядзеньне, якое таксама ўскладніць умовы «хіміі», тычыцца абеднага часу. Цяпер падчас абеду «хімік» абавязаны знаходзіцца толькі ў тым месцы, якое вызначыла адміністрацыя папраўчай установы. Паводле ранейшых правілаў, прынятых за Шуневічам, месца знаходжаньня «хіміка» падчас ягонага абеду асобна не рэглямэнтавалася. У правілах гаварылася толькі, што асуджаны «цягам працоўнага часу мусіць знаходзіцца на працоўным месцы».
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах
Форум