25 чэрвеня Эўрапейская камісія пачынае перамовы з Украінай і Малдовай аб уступленьні ў Эўразьвяз.
Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль назваў канфэрэнцыі аб пачатку перамоваў з Украінай і Малдовай аб далучэньні да Эўразьвязу «ключавой вяхой».
«Гэта доказ вялізнага прагрэсу, якога дасягнулі абедзьве краіны на шляху да эўрапейскай інтэграцыі, нягледзячы на вялізныя выклікі, зь якімі яны сутыкнуліся і працягваюць сутыкацца», — адзначаецца ў заяве Шарля Мішэля. Яе распаўсюдзілі за некалькі гадзін да пачатку перамоваў.
Паводле яго, Украіна і Малдова пачынаюць «сапраўдную трансфармацыю да паўнавартаснага сяброўства ў ЭЗ», і гэта «ганаровы момант для абодвух народаў і стратэгічны крок для ЭЗ».
Канфэрэнцыі аб пачатку перамоваў адбудуцца для кожнай краіны асобна — для Ўкраіны ў 15:30, для Малдовы — у 18:00 паводле эўрапейскага часу.
Абедзьве краіны зьвярнуліся з заяўкай на ўступленьне ў ЭЗ пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Праз чатыры месяцы пасьля гэтага Ўкраіна і Малдова атрымалі статус краін – кандыдатак на ўступленьне. Рашэньне аб пачатку перамоваў ухвалілі праз год пасьля звароту ўкраінскага і малдоўскага кіраўніцтва з заяўкамі на ўступленьне.
Свабода паглядзела, што ім трэба яшчэ зрабіць і колькі часу можа спатрэбіцца Ўкраіне і Малдове, каб стаць сябрамі Эўразьвязу.
Умовы для пачатку перамоваў
Краіны, якія прэтэндуюць на далучэньне да Эўразьвязу, пасьля атрыманьня статусу кандыдатаў мусяць выканаць пэўныя ўмовы. Гэтыя ўмовы вызначаюцца для кожнай краіны індывідуальна, але маюць аднолькавыя крытэры, якія называюць Капэнгагенскімі.
Сярод іх:
- Палітычныя крытэры: стабільныя інстытуты, якія гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства закону, выкананьне правоў чалавека і абарону меншасьцяў.
- Эканамічныя крытэры: функцыянаваньне рынкавай эканомікі і здольнасьць спраўляцца з канкурэнтным ціскам у Эўразьвязе.
- Крытэрыі acquis: здольнасьць браць на сябе і эфэктыўна выконваць абавязаньні сяброўства, уключаючы адданасьць мэтам палітычнага, эканамічнага і валютнага хаўрусу.
Па выкананьні гэтых папярэдніх крытэраў Эўракамісія ўхваляе заключэньне і накіроўвае яго Радзе Эўразьвязу для прыняцьця рашэньня аб пачатку перамоваў. Адметна, што гэтае рашэньне ўсе сябры мусяць ухваліць аднагалосна.
На пачатку чэрвеня Эўракамісія ўхваліла адпаведныя заключэньні для Малдовы і Ўкраіны.
З чаго пачынаюць перамовы
Перамовы пачынаюць тады, калі ўсе ўрады краін ЭЗ пагодзяцца з так званымі «перамоўнымі рамкамі», якія вызначаюць кіроўныя прынцыпы і прынцыпы перамоваў аб далучэньні з кожным кандыдатам.
Праект рамак складаецца з трох частак:
- Прынцыпы, якія рэгулююць перамовы;
- Сутнасьць перамоваў;
- Працэдура перамоваў.
Адпаведны праект распрацоўвае Эўрапейская камісія, і зь ім мусяць пагадзіцца краіны-кандыдаткі і сябры Эўразьвязу.
Пасьля гэтага павінна адбыцца міжурадавая канфэрэнцыя з удзелам усіх краін. Гэтая канфэрэнцыя — афіцыйны пачатак перамоваў. На ім маюць абвясьціць «перамоўныя рамкі».
25 чэрвеня 2024 году такая канфэрэнцыя для Ўкраіны і Малдовы пачалася ў Брусэлі (Бэльгія).
Працягласьць перамоваў
Працягласьць перамоваў не вызначаецца рэглямэнтам. Прасоўваньне на гэтым шляху залежыць ад хуткасьці правядзеньня рэформаў і адпаведнасьці законам ЭЗ у кожнай краіне.
Фактычна адначасовы пачатак перамоваў з Украінай і Малдовай не азначае, што яны адначасова завершаць перамовы і ў адзін момант далучацца да Эўразьвязу.
У той жа час няма ніякіх гарантый набыцьця сяброўства ў Эўразьвязе. Гэта яскрава пацьвярджае гісторыя з эўрапейскай інтэграцыяй Турэччыны, якая падала афіцыйную заяўку ў красавіку 1987 году, у сьнежні 1999 году атрымала статус кандыдаткі, у сьнежні 2004 году Рада Эўразьвязу ўхваліла рашэньне аб пачатку перамоваў, а самі перамовы пачаліся ў кастрычніку 2005 году. У студзені 2015 году прэзыдэнт Турэччыны заявіў, што ягоную краіну больш не цікавіць пытаньне ўступу ў Эўразьвяз.
Што абмяркоўваюць на перамовах
Галоўная мэта перамоваў — прыняцьце кожнай краінай-кандыдаткай крытэраў Acquis — сукупнасьці агульных правоў і абавязкаў, абавязковых для выкананьня ўсімі сябрамі ЭЗ.
Яны ўключаюць у сябе:
- зьмест, прынцыпы і палітычныя мэты дамоваў;
- заканадаўства, ухваленае адпаведна дамовам і прэцэдэнтнаму праву суду;
- дэклярацыі і рэзалюцыі, ухваленыя і дзейныя ў ЭЗ;
- інструмэнты ў межах Агульнай замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі;
- міжнародныя дамовы, падпісаныя ЭЗ і дзейныя паміж краінамі-сябрамі.
Гэта значыць, кандыдаты павінны зрабіць заканадаўства ЭЗ часткай свайго нацыянальнага заканадаўства. Прыняцьце і ўкараненьне крытэраў acquis — аснова перамоваў.
Крытэрыі acquis выкладзеныя ў 33 перамоўных разьдзелах па шасьці тэматычных блёках.
Згодна з правіламі ніводзін разьдзел ня будзе закрыты да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя прамежкавыя паказьнікі па разьдзелах аб вяршэнстве права (23 — у судовай сыстэме і асноўных правах, 24 — у правасудзьдзі, свабодзе і бясьпецы).
Адначасова бакі абмяркоўваюць фінансавыя пытаньні (напрыклад, аб’ём унёскаў у бюджэт ЭЗ і трансфэртаў зь яго), а таксама пераходныя захады, калі прадугледжваецца паэтапнасьць увядзеньня некаторых правілаў на час адаптацыі да новых умоваў.
Як ацэньваюць прагрэс кандыдатаў
Цягам перамоваў Эўракамісія кантралюе выкананьне абавязкаў і складае падрабязную ацэнку дасягненьняў за год, у якой вызначае кіроўныя прынцыпы датычна прыярытэтных рэформаў.
Гэтыя ацэнкі грунтуюцца на маніторынгу і інфармацыі прадстаўніцтваў ЭЗ у краінах-кандыдатках, справаздачах Эўрапарлямэнту, матэрыялах нацыянальных урадаў дзяржаў-прэтэндэнтак, а таксама інфармацыі з розных міжнародных і няўрадавых арганізацый.
На падставе высноваў Эўракамісіі Рада Эўразьвязу ўхваляе рашэньні аб наступных кроках.
Цягам усіх перамоваў ЭЗ надае кандыдатам палітычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку, каб палегчыць правядзеньне рэформаў згодна з эўрапейскімі правіламі і рэглямэнтамі.
Эўрапейскі Зьвяз выдзяляе фінансавую падтрымку прэтэндэнтам праз Інструмэнт для дапамогі перад уступам, а таксама садзейнічае абмену перадавым досьведам праз правядзеньне TAIEX/Twinning-сэмінараў, місій экспэртаў і азнаямляльных паездак.
Эўракамісія інфармуе раду ЭЗ і Эўрапарлямэнт аб прагрэсе краіны ў перамовах.
Што адбываецца пасьля завяршэньня перамоваў
Увесь перамоўны працэс завяршаецца толькі тады, калі краіны выконваюць паказьнікі ўсіх 33 разьдзелаў «перамоўных рамак». Толькі пасьля гэтага і на падставе станоўчай справаздачы Эўракамісіі рашэньне аб прыёме заяўніка ўхваляе Рада ЭЗ. На падставе гэтага рашэньня пачынаецца працэс падпісаньня дамовы аб далучэньні з усімі краінамі ЭЗ. Кожная дзяржава Эўразьвязу, як і краіна-заяўніца, мусяць яго ратыфікаваць у нацыянальных парлямэнтах.
Краіна будзе лічыцца сябрам ЭЗ ад даты, вызначанай у дамове, пры ўмове, што яе ратыфікуюць усе дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу.
Пакуль дамова аб сяброўстве не набыла юрыдычнай сілы, краіна, што далучылася, будзе карыстацца асаблівымі дамоўленасьцямі: яна зможа камэнтаваць праекты прапановаў, паведамленьняў, рэкамэндацый або ініцыятываў Эўразьвязу, а таксама атрымае статус «актыўнага назіральніка» ў органах і агенцтвах Эўрапейскага Зьвязу. Краіна атрымлівае права на выступы, але права на ўдзел у галасаваньні яна займее толькі пасьля таго, як усе краіны ратыфікуюць дамову аб сяброўстве.
Напрыклад, дамову аб далучэньні да Эўразьвязу дзесяці новых краін (Чэхіі, Кіпру, Эстоніі, Вугоршчыны, Латвіі, Літвы, Мальты, Польшчы, Славаччыны і Славеніі) падпісалі ў 2003 годзе, праз год пасьля завяршэньня перамоваў. Юрыдычную моц яна набыла ў 2004 годзе, пасьля таго як яе ратыфікавалі ўсе на той момант дзейныя чальцы Эўразьвязу.
Улады Ўкраіны і Малдовы, а таксама чыноўнікі Эўразьвязу папярэдне заяўлялі, што далучэньне гэтых краін можа завяршыцца да 2030 году.
Форум