Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогераў Андрэя і Вольгу Павукоў завочна асудзілі на 12 і 8 гадоў пазбаўленьня волі


Андрэй Павук і яго былая жонка Вольга Павук. Архіўнае фота
Андрэй Павук і яго былая жонка Вольга Павук. Архіўнае фота

Блогера Андрэя Павука прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Берасьцейскай вобласьці.

Крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўнікоў «экстрэмісцкага фармаваньня» «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука і Вольгі Павук, а таксама іншых абвінавачаных, разглядалася ў Берасьцейскім абласным судзе. Паколькі абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой, крымінальная справа ў дачыненьні да іх разглядалася ў парадку спэцыяльнага вядзеньня.

Суд прызнаў Андрэя Павука і Вольгу Павук вінаватымі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем; зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасьці любым спосабам для заведамага забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці групай асоб па папярэдняй змове. Таксама яны нібыта вінаватыя ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці і звады; паклёпе і абразе Лукашэнкі; абразе прадстаўнікоў улады; незаконных дзеяньнях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак і інш.

Андрэю Павуку прызначана пакараньне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам памерам 5 тысяч базавых велічынь, што складае Br200 тыс., а ягонай былой жонцы Вользе Павук — у выглядзе 8 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 2,5 тыс. базавых велічынь, што складае Br100 тыс.

На гэтым жа працэсе асудзілі Маргарыту Ляўчук, Ільлю Салянкова, Уладзіслава Наважылава за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні «Рудабельская паказуха» і ўчыненьні ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў. Ім прысудзілі тэрміны ад 6 да 8 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам ад 500 да 800 базавых велічынь (20-32 тыс. рублёў).

Былога мужа Ляўчук, актывіста і культурнага мэнэджара Аляксандра Чахоўскага завочна асудзілі на 3 месяцы за «абразу прадстаўніка ўлады і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».

Блогер Андрэй Павук, сярод іншага, вядомы сваімі званкамі беларускім чыноўнікам рознага рангу.

Аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня ў адносінах да асуджаных стала вядома ў сярэдзіне сакавіка сёлета. Сьледчы камітэт тады заявіў, што, акрамя пералічаных, абвінавачанымі ў справе таксама праходзяць палітык Яўген Вільскі, архітэктар Вадзім Дзьмітранок, былы чыноўнік Анатоль Котаў, кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач, жонка экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, кіраўніца «Беларускага жаночага фонду» Вераніка Цапкала. Аб вынясеньні ім якіх-небудзь завочных выракаў пакуль не паведамлялася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG