У Дагестане пасьля нападаў на сінагогу, цэрквы і сілавікоў загінулі каля 20 чалавек, 15 зь іх паліцыянты; актыўная фаза ўведзенай раней контртэрарыстычнай апэрацыі ў Махачкале і Дэрбэнце завяршылася, заявіў кіраўнік рэспублікі Сяргей Мелікаў.
МУС Дагестана паведаміла аб 16 пацярпелых - 13 паліцэйскіх і трох грамадзянскіх, яны шпіталізаваны.
У Дэрбэнце невядомыя абстралялі з аўтаматычнай зброі сынагогу і царкву. Пасьля нападу ў сынагозе ўзьнік пажар, яна цалкам згарэла. У той жа час у Махачкале невядомыя напалі на пост ДПС.
Асобы тых, хто нападаў у Дэрбэнце, пакуль не ўстаноўлены.
Старшыня Грамадзкай назіральнай камісіі Дагестану Шаміль Хадулаеў паведаміў, што ў Дэрбэнце забіты сьвятар, таксама загінуў ахоўнік царквы ў Махачкале.
Паводле зьвестак Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту, у нядзелю ў Дэрбэнце і Махачкале атакавалі два праваслаўныя храмы, сынагогу і пост ДПС. Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб тэракце.
Паводле зьвестак МУС, у Махачкале чацьвёра тых, хто нападаў, былі забітыя, яшчэ як мінімум двое, мяркуючы па відэаздымцы, затрыманыя на тэрыторыі пляжу.
Трое забітых нападнікаў апазнаныя як сыны і пляменьнік кіраўніка Сергакалінскага раёну Магамеда Амарава, паведамляе «Інтэрфакс». Чыноўніка затрымалі. Пасьля гэтага старонка Амарава зьнікла з сайту дагестанскага аддзяленьня «Единой Росии», сябрам якой ён зьяўляецца.
А 23:00 па маскоўскім часе Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт заявіў, што актыўная фаза контратэрарыстычнай апэрацыі ў Дэрбэнце завершана. Двое тых, хто нападаў, забітыя.
Яшчэ адзін напад адбыўся ў Дагестане ў сяле Сергокала — невядомыя абстралялі машыну з паліцыянтамі, інфармуе Каўказ.Рэаліі. Паводле папярэдняй інфармацыі, сілавікоў накрылі агнём у цэнтры Сергокалы, адзін супрацоўнік паранены, перадае тэлеграм-канал «Крымінальная зводка МУС Дагестану», які зьвязаны зь сілавікамі.
Форум