Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі расьсьледуюць сьмерць яшчэ адной беларускі


Дом пад Мілянам, у якім жыла Ганна Герасімчык
Дом пад Мілянам, у якім жыла Ганна Герасімчык

Гэта ўжо другая сьмерць беларускі ў Італіі, пра якую стала вядома апошнім часам. Прычыны цьмяныя, сьледзтва далёкае ад завяршэньня.

У Італіі расьсьледуюць сьмерць 46-гадовай былой танцоркі зь Беларусі Ганны Герасімчык. Яна была знойдзена мёртвай у сваёй кватэры недалёка ад Міляну 13 чэрвеня, аднак прычына сьмерці да гэтага часу застаецца загадкай, адзначае Reform, які заўважыў паведамленьні пра гэта ў італьянскай прэсе.

Цела жанчыны знайшоў на досьвітку яе партнэр, 43-гадовы паляк К. Д. Празь некалькі дзён правялі ўскрыцьцё цела, але судова-мэдычная экспэртыза аказалася недастатковай для канчатковага ўстанаўленьня прычынаў сьмерці.

Як пішуць італьянскія СМІ, жанчына магла памерці ад удушша, але неабходна дачакацца вынікаў таксыкалягічнай і гісталягічнай экспэртызаў, каб устанавіць, ці памерла яна ад перадазіроўкі наркотыкаў, знойдзеных у доме, ці была задушана да сьмерці. Расьсьледаваньнем займаюцца карабінэры, якія знайшлі на яе целе сінякі, але не знайшлі сьмяротных пашкоджаньняў.

Яе партнэр, які працуе дальнабойнікам, расказаў, што два папярэднія дні быў у камандзіроўцы, але перад ад’ездам яны пасварыліся. Паводле наяўных зьвестак, зараз працягваецца расьсьледаваньне ў дачыненьні да невядомых асобаў.

Як піша Fanpage.it, Ганна жыла ў двухпакаёвай кватэры ў Пацуола Мартэзана з 2021 году і ўжо даўно не выходзіла з дому. Яе сяброўка расказала сьледчым, што жанчына часта сварылася са сваім партнэрам. Паводле ейных словаў, цяпер партнэр «кажа, што страціў сэнс жыцьця». Прынамсі на дадзены момант ён не знаходзіцца пад сьледзтвам.

«Я ведала, што яны дастаўляюць іншым жыхарам непрыемнасьці з гэтай прычыны», — распавяла аб сварках жанчына, якая жыве ў суседнім доме.

«Гэта былі эпізоды, якія можна было пачуць, — дадае пара з таго ж дома, — пару разоў у справу ўмешваліся карабінэры».

Ганна, аднак, ніколі не падавала скаргаў у паліцыю, а самі карабінэры сказалі журналістам, што за тры гады яны былі ў доме двойчы, адзін раз па выкліку іншых жыхароў дому, іншы раз — самога К.Д.

Сьледчыя рэканструявалі апошнія месяцы жыцьця жанчыны. У апошнія гады 46-гадовая беларуска нібыта ўпала ў цяжкую дэпрэсію. Са словаў сяброўкі вядома, што беларуска 10 гадоў выступала ў начных клюбах. Яшчэ ў Менску яна пазнаёмілася з калюмбійскім горным інжынэрам і два гады жыла зь ягонай сям’ёй у Паўднёвай Амэрыцы. Затым, вярнуўшыся дадому, яна вырашыла зьехаць зь іншым хлопцам у Італію, які, аднак, неўзабаве той сышоў ад яе.

Сьмерць Герасімчык расьсьледуюць карабінэры з роты Піёльтэля і сьледчы аддзел. Сяброўка былой танцоркі ўспамінае, як у студзені тая намякала на думкі пра самагубства:

«„Няма ўпэўненасьці, што заўтра раніцай я буду жывая“, — сказала яна мне пасьля цэлага дня спрэчак па тэлефоне. Але размова так і не аднавілася», — распавяла яна.

Паводле інфармацыі рэсурсу, К.Д., які пакуль не знаходзіцца пад сьледзтвам, пераехаў да сваякоў.

У сярэдзіне чэрвеня з Модэны прыйшло паведамленьне пра сьмерць беларускі Ганны Сьвірыдзенкі. Яе, маці дваіх дзяцей, забіў муж-італьянец і сам прывёз цела ў прэфэктуру, каб здацца ўладам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG