У першай траціне 2024 годe ў гандлі таварамі Беларусі з краінамі СНД было зафіксавана дадатнае сальда, з астатнімі — адмоўнае, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэту:
- Зьнешнегандлёвы абарот тавараў у студзені — красавіку 2024 году склаў 27 млрд 576,7 млн даляраў — на 4% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023-га (26 млрд 525,3 млн).
- Экспарт за чатыры месяцы склаўся на ўзроўні 13 млрд 152,6 млн (12 млрд 725,9 млн; +3,4%), імпарт — 14 млрд 424,1 млн (13 млрд 799,4 млн; +4,5%). Адмоўнае сальда склала 1 млрд 271,5 млн даляраў (у студзені — красавіку 2023-га 1 млрд 73,5 млн).
- З краінамі СНД Беларусь нагандлявала на 17 млрд 318,1 млн даляраў (16 млрд 233,1 млн; +6,7%): экспарт — 8 млрд 882,4 млн (8 млрд 837 млн; +0,5%), імпарт — 8 млрд 435,7 млн (7 млрд 396,1 млн; +14,1%), дадатнае сальда — 446,7 млн (1 млрд 440,9 млн; зьменшылася ў гадавым вымярэньні ў 3,2 раза). За красавік дадатнае сальда вырасла на 9,4% (за студзень — сакавік склала 408,3 млн).
- Зь іншымі дзяржавамі гандаль таварамі склаў 10 млрд 258,6 млн даляраў (10 млрд 292,2 млн; −0,3%): экспарт — 4 млрд 270,2 млн (3 млрд 888,9 млн; +9,8%) , імпарт — 5 млрд 988,4 млн (6 млрд 403,3 млн; −6,5%), адмоўнае сальда — 1 млрд 718,2 млн (-2 млрд 514,4 млн; зьменшылася на 31,7%). За месяц адмоўнае сальда стала большым у 1,3 раза (-1 млрд 342,3 млн).
- Зьнешнегандлёвы абарот тавараў у 2023 годзе склаў 83 млрд 424,5 млн даляраў (+8,6%): экспарт — 40 млрд 168,2 млн (+4,7%), імпарт — 43 млрд 256,3 млн (+12,4%). Адмоўнае сальда склала 3 млрд 88,1 млн даляраў.
Зьвесткі па краінах і пазыцыях Белстат не публікуе.
На нарадзе аб разьвіцьці прамысловасьці 9 красавіка сёлета Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што продаж на зьнешніх рынках «стабільна павялічваецца тры гады запар», у першую чаргу на «традыцыйны рынак брацкай Расеі і іншых дзяржаў СНД».
«Аднак па далёкім замежжы сытуацыя нашмат горшая. Аб’ём продажаў склаў менш за 20% адносна дасанкцыйнага 2021 году. Ня выкананыя пляны па экспарце ў дружалюбныя краіны далёкай дугі. У Афрыцы, Лацінскай Амэрыцы, Азіі сёньня вялізны попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба шчыльна працаваць і займаць свае нішы. І перш за ўсё на Афрыканскім кантынэнце», — казаў тады Лукашэнка.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.
Форум