Паводле інфармацыі ведамства, адзін з затрыманых — 20-гадовы мужчына — быў абвешчаны ў міжнародны вышук «за незаконнае захоўваньне з мэтай збыту буйных партый какаіну і канабісу», другі — 58-гадовы мужчына — «за наўмыснае прычыненьне нажом цяжкіх цялесных пашкоджаньняў».
«Інфармацыя, якая паступіла па каналах Інтэрпола зь Літоўскай Рэспублікі пра магчымае знаходжаньне злачынцаў на тэрыторыі нашай краіны, была неадкладна накіраваная ў адпаведныя падразьдзяленьні крымінальнага вышуку тэрытарыяльных органаў унутраных спраў для правядзеньня неабходных праверак, — адзначыў у відэакаментары намесьнік начальніка нацыянальнага бюро Інтэрпола Аляксей Вершэль. — У выніку правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў беларускія міліцыянты ўстанавілі месцазнаходжаньне грамадзян суседняй дзяржавы, якія хаваліся ад правасудзьдзя. Аднаго ўцекача затрымалі ў Менску, другога — у Магілёве».
Ён адзначыў, што Генэральная пракуратура разгледзела «просьбы, якія паступілі зь Літвы» аб выдачы гэтых асоб для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці і пастанавіла іх выдаць.
«Працэдура адбылася ў памежным пункце пропуску Каменны Лог — Меднікі», — заявіў Вершэль.
24 траўня МУС паведаміла пра выдачу Літве 35-гадовага грамадзяніна, якога Вільня абвясьціла ў вышук па лініі Інтэрпола за групавое згвалтаваньне непаўналетняй і іншыя дзеяньні.
Гэта рэдкі выпадак супрацы беларускіх і літоўскіх праваахоўных органаў апошнім часам.
Форум