Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пасьля сваркі зь дзяўчынай засудзілі амэрыканскага вайскоўца


Гордан Блэк у расейскім судзе
Гордан Блэк у расейскім судзе

Суд ва Ўладзівастоку прызнаў старшага сяржанта арміі ЗША Гордана Блэка вінаватым у крадзяжы і пагрозе забойствам і пакараў яго 3 гадамі і 9 месяцамі калёніі агульнага рэжыму.

Абвінавачаньне прасіла для падсуднага Гордана Блэка 4 гады і 8 месяцаў калёніі-пасяленьня, паведаміла прэс-служба пракуратуры Прыморскага краю. Абарона настойвала на невінаватасьці амэрыканца. Адвакат паведаміў, што мае намер абскардзіць прысуд.

Аб затрыманьні Блэка ва Ўладзівастоку 7 траўня 2024 паведаміў тэлеканал NBC News. Па ягоных дадзеных, амэрыканскага вайскоўца выправілі служыць у Паўднёвую Карэю. Пасьля заканчэньня службы Блэк павінен быў вярнуцца ў ЗША, аднак перад вяртаньнем дадому ён вырашыў наведаць Вашчук ва Ўладзівастоку, зь якой у яго былі рамантычныя адносіны. Паездку з начальствам ён не ўзгадніў.

Паводле зьвстак, агучаных у судзе, Блэк з красавіка 2024 года пражываў з расейкай Аляксандрай Вашчук у яе кватэры на вуліцы Сахалінскай ва Ўладзівастоку. У траўні паміж імі адбылася сварка, падчас якой падсудны схапіў дзяўчыну за шыю, «што яна ўспрыняла як рэальную пагрозу свайму жыцьцю».

Паколькі ў яго не было грошай, Блэк выкраў з кашалька Вашчук 10 тысяч рублёў, якія патраціў на аплату нумару ў гатэлі, дзе яго і затрымалі.

Першапачаткова па заяве расейкі Гордану Блэку паставілі крадзеж з прычыненьнем значнай шкоды. Пазьней яму выставілі абвінавачаньне ў пагрозе забойствам (таксама на падставе паказаньняў Вашчук).

На паседжаньні Першамайскага раённага суду 17 чэрвеня Блэк адмаўляў напад на Аляксандру Вашчук. Паводле яго, у дзень сваркі дзяўчына выпіла паўбутэлькі гарэлкі і пачала паводзіць сябе агрэсіўна.

Яна «абражала яго, кінула ў яго талерку, а таксама выцяла ў вуха і ў вока». Пасьля гэтага Блэк пачаў яе душыць, але потым адпусьціў, «калі, адчуў, што яна больш не небясьпечная», пісала выданьне vladivostok1.ru. Пасьля гэтага Блэк сабраўся ісьці, але дзяўчына паспрабавала яго затрымаць, ад чаго ў іх зноў пачалася бойка.

Блэк часткова прызнаў віну ў крадзяжы грошай. Паводле яго, узятыя ў Вашчук грошы ён вярнуў на наступны дзень. Блэк адзначыў, што яшчэ да прыезду ва Ўладзівасток адпраўляў Вашчук 300 тысяч расейскіх рублёў (каля 3590 даляраў) і 525 даляраў.

  • Улады Расеі ўтрымліваюць некалькіх амэрыканцаў, у тым ліку журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча і былога марскога пяхотніка Пола Ўілана. Іх Дзярждэпартамент ЗША абʼявіў незаконна затрыманымі.
  • У сакавіку 2023 году Гершковіча арыштавалі па абвінавачаньні ў шпіянажы. Сваю віну журналіст абвяргае.
  • Уілана затрымалі ў сьнежні 2018 году, праз два гады яго прызналі вінаватым у шпіянажы і асудзілі на 16 гадоў калёніі.
  • СМІ пэрыядычна расказваюць аб перамовах па абмене Гершковіча і Ўілана на расейскіх зьняволеных у ЗША, але іх падрабязнасьці не абвяшчаюцца.
  • Журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава, якая мае расейскае і амэрыканскае грамадзянства, знаходзіцца ў зьняволеньні ў Расеі ўжо 8 месяцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG