Гэты вынік глябальнага дасьледаваньня Інстытуту вывучэньня журналістыкі Reuters (Reuters Institute for the Study of Journalism), што ў Оксфардзкім унівэрсытэце, прыводзіць ВВС.
У апытаньні, праведзеным са студзеня па люты сёлета, узялі ўдзел амаль 95 тысяч чалавек з 47 краін сьвету. Згодна з атрыманымі дадзенымі, чацьвёра з кожных 10 рэспандэнтаў (39%) сьвядома пазьбягаюць прагляду навін.
У 2017 годзе гэты паказчык быў значна ніжэйшы — 29%.
На думку аўтараў дакладу, жаданьне людзей «адключыцца» ад навінавага парадку дня можа быць выкліканае войнамі ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе.
У справаздачы гаворыцца, што імкненьне пазьбягаць навінаў цяпер знаходзіцца на рэкордна высокім узроўні.
Пры гэтым электаральныя працэсы ў шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША, павысілі цікавасьць да навінаў у гэтых краінах, аднак агульная тэндэнцыя да спаду захоўвае ўстойлівасьць, гаворыцца ў дасьледаваньні.
Доля апытаных, якія заявілі, што вельмі ўважліва сочаць за навінамі, скарацілася ў цэлым у сьвеце да 46% у параўнаньні з 63% у 2017 годзе.
«Відавочна, што ў апошнія гады парадак навінаў быў асабліва складаны, — сказаў у інтэрвію ВВС адзін з аўтараў справаздачы Нік Ньюман. — Была пандэмія, войны, так што адчуваць адчужэньне да навінаў — цалкам натуральная рэакцыя для людзей, ці то для абароны свайго псыхічнага здароўя, ці то проста дзеля таго, каб жыць далей».
Форум