Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правал ці адносны посьпех? Пра што сьведчаць вынікі Саміту міру ў Швайцарыі

Удзельнікі  Саміту міру па Ўкраіне у Швайцарыі
Удзельнікі Саміту міру па Ўкраіне у Швайцарыі

Саміт міру ў Швайцарыі на тэму спыненьня вайны ва Ўкраіне, вакол якога было шмат палітычных і дыпляматычных жарсьцяў, закончыўся. Можна падводзіць вынікі. Задача запуску мірнага працэсу з дапамогай гэтага форуму не рэалізаваная.

Сьцісла:

  • Паводле плянаў Украіны і Захаду, на саміце зьбіраліся стварыць нефармальную праўкраінскую кааліцыю на грунце «формулы міру» Зяленскага, каб ціснуць на Расею, патрабуючы ад яе спыненьня агрэсіі.
  • Аднак усё выявілася больш складаным. Для большасьці краін Глябальнага Поўдня вайна Расеі супраць Украіны далёкая ад іх нацыянальных інтарэсаў.
  • Напярэдадні саміту Пуцін выставіў ультыматум, паводле якога мір магчымы толькі пры ўмове поўнай капітуляцыі Ўкраіны і Захаду.
  • У выніковым дакумэнце саміту ёсьць шэраг праўкраінскіх і антырасейскіх тэзісаў.

Ініцыятарам правядзеньня Саміту міру былі Ўкраіна і Захад. Паколькі Расею (і Беларусь) як бок канфлікту туды не запрасілі, то відавочна, што форум не прадугледжваў дасягненьня нейкіх мірных пагадненьняў. Задача ставілася іншая. На саміце плянавалі стварыць нейкую вельмі нефармальную праўкраінскую і антырасейскую кааліцыю. Па аналёгіі з антыгітлераўскай кааліцыяй падчас Другой сусьветнай вайны. Палітычным грунтам выніковага дакумэнту саміту павінна была стаць «формула міру» прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Яна прадугледжвае вывад расейскіх войскаў з усёй тэрыторыі Ўкраіны і вяртаньне да межаў 1991 году.

Была надзея, што да рэалізацыі гэтай ідэі далучыцца большасьць краін Глябальнага Поўдня. Надзеі грунтаваліся на выніках галасаваньня ў Гэнэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Напрыклад, падчас экстранай сэсіі Генасамблеі ААН 2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасьля пачатку расейскай агрэсіі, за асуджэньне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прагаласавала 141 краіна, устрымаліся 35 і 5 прагаласавалі супраць (Беларусь, КНДР, Расея, Сырыя і Эрытрэя). Здавалася б, можна сабраць кіраўнікоў гэтай 141 краіны і падтрымаць «формулу міру» Ўладзіміра Зеленскага, якая ў цэлым супадае з рэзалюцыяй Генасамблеі ААН. І ўжо ад імя абсалютнай большасьці краін сьвету ціснуць на Расею, патрабуючы спыненьня агрэсіі.

Аднак усё выявілася больш складаным. Расея рабіла вялікія высілкі, каб мінімізаваць эфэкт саміту ў Швайцарыі. Ёй дапамагаў Кітай. Але галоўная праблема палягае ў тым, што для большасьці краін Глябальнага Поўдня вайна Расеі супраць Украіны далёкая ад іх нацыянальных інтарэсаў, як яны іх разумеюць. Адна справа прагаласаваць у ААН, і зусім іншая — упісацца ў канфлікт на адным з бакоў. Таму краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі ў большасьці не падтрымалі санкцыі Захаду супраць Расеі і Беларусі. І калі паглядзець, хто прыехаў у Швайцарыю, то гэта каля 50 краін «кааліцыі Рамштайн» плюс каля 40 дзяржаў Глябальнага Поўдня.

Таму напярэдадні саміту Ўкраіне давялося рэдукаваць «формулу міру» Зяленскага з 10 да 3 пунктаў. Тым ня менш выніковае камюніке падпісалі толькі 80 краін з 92, якія ўдзельнічалі. Прычым не падпісалі краіны БРІКС (Бразылія, Індыя, Паўднёвая Афрыка), а яшчэ дзьве краіны гэтай новай арганізацыі (Расея, Кітай) ня ўдзельнічалі ў саміце.

Напярэдадні саміту Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой выклаў свае ўмовы міру. Ягоная пазыцыя стала больш жорсткай. Раней Крэмль неафіцыйна прапаноўваў спыніць вайну, захаваўшы за сабой ужо акупаваныя тэрыторыі, і пачаць перамовы. Прыкладна такую формулу неаднаразова агучваў Аляксандар Лукашэнка, прэзэнтуючы расейскую пазыцыю. Больш за тое, ён нават прапаноўваў вярнуцца да Стамбульскіх дамоўленасьцяў, паволе якіх пытаньне аб захопленых Расеяй украінскіх тэрыторях зьяўлялася тэмай перамоваў.

Цяпер Пуцін заявіў пра новыя ўмовы Масквы для пачатку мірных перамоваў: вывад украінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей, нэўтральны статус Украіны, яе «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя». Фактычна прэзыдэнт Расеі выставіў ультыматум, паводле якога мір магчымы толькі пры ўмове поўнай капітуляцыі Ўкраіны і Захаду. І ніякіх кампрамісаў. Калі пазыцыю спыненьня вайны на цяперашняй лініі фронту і пачатак перамоваў маглі б падтрымаць некаторыя заходнія палітыкі, то патрабаваньне поўнай і безумоўнай капітуляцыі ад другога боку наўрад ці знойдзе падтрымку нават у патэнцыйных саюзьнікаў РФ.

Што ў выніку? У выніковым дакумэнце саміту ёсьць шэраг праўкраінскіх і антырасейскіх тэзісаў:

  • нагадваньне пра рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, якія асудзілі расейскую агрэсію.
  • пацьвярджэньне прыхільнасьці да прынцыпаў абароны сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці любых дзяржаў, у тым ліку Ўкраіны, у міжнародна прызнаных межах.
  • Запароская атамная электрастанцыя павінна знаходзіцца пад поўным сувэрэнным кантролем Украіны (цяпер яна захоплена Расеяй).
  • недапушчальнасьць пагрозаў аб прымяненьні ядзернай зброі ў кантэксьце вайны супраць Украіны. (Пагрозы яе прымяненьня неаднаразова гучалі з вуснаў афіцыйных асобаў Расеі і Беларусі).
  • усе дэпартаваныя і незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці, а таксама ўсе іншыя ўкраінскія цывільныя асобы, якія былі незаконна затрыманыя, павінны быць вернуты ва Ўкраіну. (Гэты пункт, асабліва пра дзяцей, непасрэдна датычны да Беларусі).

Сёньня гэта максымум, якога можна было дамагчыся ад саміту. Задача запуску мірнага працэсу з дапамогай гэтага форуму не рэалізаваная. Цяпер пачынаецца палітычная і дыпляматычная барацьба за інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Расея і Беларусь будуць гаварыць аб правале мерапрыемства. Украіна і Захад ацэньваюць яго як адносны посьпех.

Беларуская тэма прагучала на саміце толькі з вуснаў прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, які назваў Лукашэнку «лялькай Пуціна ў Беларусі». Для афіцыйнага Менску саміт мала што памяняў. Хіба што чарговы раз зафіксаваў, што адкрытая падтрымка расейскай агрэсіі значна абмяжоўвае міжнародныя магчымасьці краіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG