Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў, што вытворчасьць пэлетаў у Беларусі не аднавілася пасьля ўвядзеньня санкцый


Драўляныя пэлеты
Драўляныя пэлеты

Пэлетныя вытворчасьці Беларусі «з прычыны вядомых зьнешніх абставін працуюць цяпер абы-як», а захады, якія прымаюцца ўрадам, выніку не далі, заявіў Аляксандар Лукашэнка 14 чэрвеня на нарадзе з кіраўніцтвам ураду.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць ягоная прэс-служба, Беларусь можа вырабляць амаль мільён тон пэлетаў на год.

Лукашэнка заявіў пра недастатковыя намаганьні з боку «некаторых адказных асоб» па арганізацыі экспартных паставак гэтага віду паліва і па яго выкарыстаньні на ўнутраным рынку.

Як піша «Позірк», у верасьні 2022 году намесьнік прэмʼер-міністра Пётра Пархомчык у эфіры тэлеканала АНТ заяўляў, што беларускія прадпрыемствы вырабляюць «вельмі шмат пэлетаў, вельмі шмат прадукцыі» дрэваапрацоўкі, якая можа выкарыстоўвацца ў Эўропе. Ён таксама выказаў спадзяваньне, што знойдуцца прыватныя кампаніі, якія змогуць пастаўляць прадукцыю на эўрапейскі рынак.

«Жыцьцё іх прымусіць проста браць нашу прадукцыю», — заявіў тады чыноўнік.

Міністар лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік у кастрычніку таго ж году заявіў, што Эўропа замярзае, але адмаўляецца купляць беларускія пэлеты.

«Замярзаюць, але ня хочуць браць наша паліва, якое знаходзіцца літаральна ад іх, калі браць Польшчу, Прыбалтыку, на адлегласьці 100-200 кілямэтраў», — сказаў чыноўнік, не растлумачыўшы, чаму Эўропа, на ягоную думку, у сярэдзіне восені замярзае.

У красавіку 2023 году беларускі пасол у Будапэшце Ўладзімер Улаховіч заявіў, што ў пытаньні дрэваапрацоўкі «вугорскія партнэры зьяўляюцца своеасаблівымі лабістамі для таго, каб хаця б прабіць квоты па пэлетах, якія вельмі запатрабаваныя на эўрапейскім рынку».

Ужо ў верасьні таго ж году міністар Кулік канстатаваў, што вытворчасьць пэлетнай прадукцыі пасьля ўвядзеньня санкцый «працуе на мінімальнай магутнасьці».

У сакавіку 2024 году міністар казаў пра не да канца вырашанае пытаньне са збытам пэлетаў, аднак дадаваў, што ведамства «знойдзе сваё рашэньне ў хуткім часе».

Санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускага экспарту, уключаючы дрэваапрацоўку, былі ўведзеныя 2 сакавіка 2022 году і набылі поўную моц 4 чэрвеня — да гэтага дня дазвалялася выконваць раней заключаныя кантракты. У 2021 годзе экспартавалі беларускай драўніны ў ЭЗ на 3,2 млрд даляраў.

8 сакавіка 2022 году Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананьне стандартаў у кіраваньні лясамі і лесапрадукцыяй) пастанавіла прыпыніць сэртыфікацыю экспартнай прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расеі з прычыны агрэсіі супраць Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG