Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая паліцыя пацьвердзіла сьмерць зьніклай 9-гадовай украінкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нямецкая паліцыя пацьвердзіла сьмерць дзевяцігадовай украінскай дзяўчынкі Валерыі, якая 3 чэрвеня зьнікла па дарозе ў школу ў горадзе Дэбэльн.

Паліцыя паведаміла, што цела, знойдзенае ў аўторак у лесе каля Дэбэльна, належыць зьніклай Валерыі. Згодна з інфармацыяй сілавікоў, яна памерла гвалтоўнай сьмерцю. Паводле сьледзтва, дзяўчынка не была ахвярай сэксуальнага злачынства. Прадстаўніца гарадзкой пракуратуры Хэмніца заявіла, што ніякіх прыкметаў гэтага няма.

Цяпер асноўная ўвага аддаецца пошуку злачынцы або злачынцаў. Пакуль у сьледзтва няма падазраваных, адпаведна, ніхто ў справе не затрыманы.

Раней паліцыя зямлі Саксонія паведаміла Радыё Свабода, што ў пошуках дзяўчынкі задзейнічана больш за 300 праваахоўнікаў — у прыватнасьці, кінолягі, вадалазы, ратавальнікі і верталёт.

Паводле інфармацыі міліцыі, у панядзелак, 3 чэрвеня, Валерыя пайшла ў школу, але на занятках так і не зьявілася. Пасьля таго як дзіця днём не вярнулася дадому са школы, сваякі зьвярнуліся ў паліцыю.

Як паведаміў Радыё Свабода сябар сям'і зьніклай дзяўчынкі, украінская ўцякачка прыехала ў Нямеччыну з двума непаўналетнімі дзецьмі ў 2022 годзе. Яны родам зь Днепрапятроўскай вобласьці.

Паводле зьвестак нямецкіх уладаў, цяпер у Нямеччыне знаходзяцца 1,1 мільёна грамадзян Украіны, якія ўехалі туды ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Гэта ня першае трагічнае здарэньне, што адбылося з грамадзянамі Ўкраіны ў Нямеччыне за апошнія месяцы. 10 лютага ў Дусэльдорфе забілі 17-гадовага гульца юнацкай зборнай Украіны ў баскетболе Ўладзіміра Ермакова. Па падазрэньні ў забойстве затрымалі падлеткаў — немца грэцкага паходжаньня і двух сырыйцаў. 27 красавіка на тэрыторыі гандлёвага цэнтру ў Мурнаў, што ў фэдэральнай зямлі Баварыя, забілі двух украінцаў, па падазрэньні ў гэтым затрымалі грамадзяніна Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG