7 чэрвеня на сайце Кангрэсу ЗША апублікаваны тэкст законапраекту «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі».
Цяпер амэрыканскі заканадаўчы орган рыхтуецца прыняць абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, першая вэрсія якога набыла статус закону ў 2004 годзе.
Пра зьмест і прызначэньне дакумэнта расказаў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту Валер Кавалеўскі. Паводле Кавалеўскага, Кангрэс ЗША
«патрабуе неадкладнага вызваленьня палітвязьняў, спыненьня выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны, прыцягненьня Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасьці празь міжнароднае правасудзьдзе. Кангрэс падтрымлівае імкненьне народу Беларусі да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону, і захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту сваёй краіны».
Валер Кавалеўскі пералічыў заклікі, зь якімі Кангрэс ЗША зьвяртаецца ў новым дакумэнце:
- не прызнаваць рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ, у тым ліку прэзыдэнцкія выбары 2025 году;
- прызнаць Каардынацыйную Раду і Аб’яднаны Пераходны Кабінэт як легітымныя інстытуты для дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады і падтрымліваць іх у гэтым працэсе;
- узьняць перад міжнароднымі арганізацыямі праблему пазбаўленьня консульскіх паслуг беларускім грамадзянам за мяжой;
- ураду ЗША цесна супрацоўнічаць з ЭЗ, Вялікай Брытаніяй, Канадай і іншымі краінамі і арганізацыямі для працягу ўвядзеньня мэтавых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.
Форум