Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньні, невядома якім спосабам атрыманыя ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
Раней сёньня беларускія прапагандысты анансавалі выхад інтэрвію з Дар’яй Лосік.
Паводле інфармацыі Свабоды, інтэрвію было запісанае некалькі месяцаў назад. Зь відэа таксама вынікае, што запіс адбываўся ў сакавіку. У відэа фігуруюць здымкі схаванай камэрай ад моманту паступленьня Дар’і ў калёнію.
Размова прапагандысткі з Дар‘яй была запісаная ў Гомельскай калёніі. Падчас яе Дар‘я кажа, што падала на развод.
У відэа Дар‘я таксама гаворыць пра пагрозу «адабраньня дзіцяці зь сям‘і». Лосікі маюць пяцігадовую дачку Паўліну, над якой узялі апякунства бацькі Дар'і.
У зьняволеньні Дар'я працуе на швайнай фабрыцы, дзе шые форму для сілавікоў.
На жоўтай бірцы Дар’і, якая трапіла ў кадар, пазначана, што яна мае выйсьці на волю 1 жніўня 2024 году. Гэтая дата была пацьверджаная і ў размове прапагандысткі з палітзьняволенай.
- Дарʼю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 года пасьля ператрусу ў кватэры. Супраць яе распачалі крымінальную справу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 3614 КК) за інтэрвію ў красавіку 2022 года тэлеканалу «Белсат», прызнанаму «экстрэмісцкім фарміраваньнем».
- 19 студзеня 2023 года Берасьцейскі абласны суд прысудзіў ёй два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вярхоўны суд пакінуў апэляцыйную скарга без задавальненьня.
- У сакавіку 2024 году дзяржаўная тэлевізія апублікавала інтэрвію з актывісткай «Эўрапейскай Беларусі» Палінай Шарэндай-Панасюк, якое яе муж Андрэй Шарэнда назваў «пастановачным».
- Падчас інтэрвію ў кадар трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін Шарэнды-Панасюк заканчваецца 21 траўня. Але 21 траўня 2024 году Паліна на волю ня выйшла.
- У другой палове таго ж дня стала вядома, што палітзьняволеную перавялі ў Гомельскае СІЗА, на яе завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкула аб «грубым непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», і ёй пагражае яшчэ 1 год зьняволеньня. Гэта можа стаць ужо трэцім пакараньнем Паліны Шарэнды-Панасюк паводле 411 артыкула.
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
Форум