Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрыя навіны тыдня. Архідэя ў Белавескай пушчы, новая песьня Бенькі і пачатак грыбнога сэзону


Выратаванае савяня. Афіцыйная публікацыя Берасьцейскага гарвыканкаму
Выратаванае савяня. Афіцыйная публікацыя Берасьцейскага гарвыканкаму

Уратаваныя савяня і лебедзь, у лясах пайшлі лісічкі і чарніцы. Расказваем добрыя навіны за тыдзень.

Уратаваныя птушкі

Тыдзень пачаўся з таго, што каля дзіцячага садку ў Берасьці знайшлі савяня. Малое ляжала на зямлі. На месца прыехалі ратавальнікі. Паінфармавалі таксама інспэкцыю прыродных рэсурсаў, паведамляе Берасьцейскі гарвыканкам, які вядзе тэлеграм-канал «Любимый Брест».

Птушаня спрабавалі пасадзіць на дрэва. Але яно валілася з галінкі ўніз. Тады савяня перадалі гадавацца грамадзкаму эколягу ў аграгарадок Чарнаўчыцы. Вэтэрынарная дапамога малому не патрэбная. Прыкладна праз тыдзень птушаня пераедзе ў Менск у Цэнтар дапамогі птушкам і жывёлам «Пустальга».

У сераду, 5 чэрвеня, дапамога спатрэбілася лебедзю ў Горадні. Ён ляцеў над мастом на вуліцы Паповіча, сутыкнуўся з тралейбуснымі правадамі і ўпаў на зямлю. Выклікалі ратавальнікаў. Тыя завезьлі птушку ў заапарк.

Вэтэрынары заапарку высьветлілі, што ў лебедзя невялікія траўмы крылаў і левага вока. Ці ўдарыла птушку токам, няясна. Цяпер ёй праводзяць супрацьзапаленчую і супрацьшокавую тэрапію. Прапісалі ўзмоцненае харчаваньне. На думку вэтэрынараў, праз 2-3 тыдні лебедзь зможа вярнуцца ў прыроду.

Спынілі рух дзеля качынай сям’і

Ізноў птушкі. На мінулым тыдні ў пятніцу, 31 траўня, у Менску кіроўцы спынілі рух на вуліцы Арлоўскай, паведамляў «Онлайнер». Праз дарогу ішла качыная сям’я. Качаняты прайшлі пад агароджай, а качка не магла пералезьці цераз плот. Тады кіроўцы перанесьлі яе на руках. На час пераправы рух на праезнай частцы спынілі, каб не падушыць птушак. Урэшце сям’я качак пайшла ў парк.

У лясах пачаліся грыбы і ягады

У пачатку чэрвеня грыбнікі пачалі зьбіраць лісіцы, баравікі, масьлякі, чырвонагаловікі, паведамлялі ўдзельнікі грыбных супольнасьцяў у інтэрнэце, пісала выданьне «Точка».

Першыя грыбы знайшлі ў лясах Лоеўскага і Жлобінскага раёнаў (Гомельская вобласьць), Чавускага, Бабруйскага, Магілёўскага раёнаў (Магілёўская вобласьць), Стаўпецкага раёну (Менская вобласьць).

«Ды ўсё нармальна, вядро баравікоў, два падасінавікі, лісічкі тры. Усё клас», — напісаў адзін з удзельнікаў грыбной супольнасьці.

Грыбы, ілюстрацыйнае фота
Грыбы, ілюстрацыйнае фота

У Белавескай пушчы ўжо зьбіраюць чарніцы. Карыстальнік TikTok апублікаваў відэа зь Белавескай пушчы, у якім паказаў сьпелыя ягады, заўважыла выданьне telegraf.news.

«Зялёных яшчэ шмат, вядома, але памаленьку на варэнічкі можна назьбіраць. Так што, калі хто любіць чарніцы, можна ў лес», — расказаў ён.

Чарніцы, ілюстрацыйнае фота
Чарніцы, ілюстрацыйнае фота

Удзельнікі грыбных супольнасьцяў паведамлялі, што ў лясах таксама ўжо сасьпелі суніцы. Крыніцы Свабоды з розных мясьцін Беларусі інфармацыю пра грыбы і ягады ў лясах пацьвярджаюць.

Сьвятлана Бень і Сяргей Навіцкі выпусьцілі першы сынгл у праекце WTBSK

Ён называецца «Tut nikomu nie mesca». Трэк пачалі запісваць у польскім Шчэціне, у дамку трунара (майстра ў вырабе трунаў. — РС). Ён застаўся ў парку на месцы старадаўніх францускіх могілак.

Сьвятлана Бень
Сьвятлана Бень

«Я перабірала тэксты, напісаныя за апошнія пару гадоў. Вясёлага ў іх было мала. Як і ва ўсім навокал. Альбом атрымліваўся гэткі ж, як домік — каменны, касьцяны, грукатлівы, маласуцяшальны. Суцяшалі толькі старыя дрэвы ў парку, але мы ўвесь час штосьці запісвалі ці гралі і да шпацыру справа так і не дайшла. Потым мы зьехалі ў Бэрлін і вось зараз пачалі патроху выпускаць гэтыя песьні ў сьвет», — напісала Сьвета Бень.

У Белавескай пушчы знайшлі новае месца, дзе расьце рэдкая архідэя

Пальчатакарэньнік травеньскі (Dactylorhiza majalis) — гэта рэдкая архідэя з Чырвонай кнігі. Падчас дасьледаваньняў знайшлі новыя месцы, дзе яна расьце, — у пойме ракі Белая каля вёскі Белая на Магілёўшчыне і ракі Правая Лясная каля вёскі Чарнакі на Берасьцейшчыне.

Пальчатакарэньнік травеньскі, афіцыйная публікацыя з сайту Нацпарку
Пальчатакарэньнік травеньскі, афіцыйная публікацыя з сайту Нацпарку

Папуляцыі невялікія, налічваюць па 25-30 квітнеючых расьлінаў, паведамілі ў Нацыянальным парку «Белавеская пушча».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG