У Чарнагорыі каля 60 чалавек чакаюць трансплянтацыі ныркі. Яны просяць урад аплаціць ім трансплянтацыю за дзяржаўны кошт у цэнтры трансплянтацыі ў Беларусі, які ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых трансплянтацыйных цэнтраў сьвету, паведамляе балканская служба Радыё Свабода.
«Мы людзі ля дзьвярэй моргу, толькі статыстычна жывыя», — кажа Таня Стаяновіч з асацыяцыі «Мужнасьць для новага жыцьця», апісваючы стан свайго здароўя і здароўя сваіх таварышаў па бядзе.
Яна расказала Свабодзе, што была на дыялізе тры разы на тыдзень на працягу 5 гадоў. «У кагосьці няма праблем, а ў мяне ад яго сур’ёзныя ўскладненьні», — кажа жанчына. Паводле Тацяны, пасьля працяглага дыялізу яна захварэла на остэапароз, таксама ў яе пачаліся праблемы з сэрцам, парашчытападобнымі залозамі і мозгам.
«Жывога донара ў нас няма, і часу чакаць у нас няма. Практычна кожны дзень у пасьведчаньнях аб сьмерці мы бачым некага з нашых суседзяў па пакоі з дыялізнай залі, зь якім мы праводзілі гадзіны. Вы не ўяўляеце, як гэта складана», — кажа яна.
Цяпер атрымаць новую нырку ў Беларусі пацыенты з Чарнагорыі могуць толькі платна.
«За пяць гадоў дыялізу я абышлася дзяржаве ў 125 000 эўра. А столькі людзей сядзяць на дыялізе ўжо дзесяць гадоў. Трансплянтацыя ў Менску зь іншымі выдаткамі — гэта каля 100 000 эўра», — кажа Таня. Яна спадзяецца, што ўрад Чарнагорыі знойдзе нейкае рашэньне.
Чаму Беларусь і што пра гэта кажуць улады Чарнагорыі
З 2018 году Чарнагорыя зьяўляецца сябрам Eurotransplant — найбуйнейшай міжнароднай арганізацыі трансплянтацыі органаў. Аднак з таго часу было праведзена толькі дзьве трансплянтацыі, паколькі супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй працуе на прынцыпе ўзаемнасьці, гэта значыць абмену органамі.
Хворыя пацыенты вырашылі прасіць урад аб трансплянтацыі ў Беларусі, бо, згодна з законам аб донарстве органаў, у Беларусі ўсе грамадзяне, якія перажылі сьмерць мозгу, зьяўляюцца донарамі, за выключэньнем выпадкаў, калі сам чалавек пры жыцьці або яго родныя напішуць заяву, што яны супраць гэтага.
Праблема ў тым, што Чарнагорыя ня мае супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў сфэры мэдыцыны. Акрамя таго, у 2021 годзе, прытрымліваючыся палітыкі Эўразьвязу, супраць Беларусі ўвялі санкцыі.
У Міністэрстве здароўя Чарнагорыі Радыё Свабода паведамілі, што пачалі дыпляматычную працу па вывучэньні супрацоўніцтва з клінікай у Менску з улікам санкцыяў, уведзеных Чарнагорыяй у дачыненьні да Беларусі. Міністар Воіслаў Шымун таксама ўдакладніў, што адпраўка пацыентаў у іншую краіну для перасадкі органаў ад памерлага чалавека жывому не практыкуецца з прычыны сумневаў у паходжаньні органаў:
«Усе краіны з дакладнымі прававымі нормамі паважаюць сыстэму захаваньня органаў для сваіх грамадзян або прытрымліваюцца прынцыпу абмену, але толькі з краінамі, зь якімі ў іх ёсьць афіцыйныя двухбаковыя пагадненьні».
Чарнагорыя зьяўляецца ўдзельніцай Канвэнцыі Рады Эўропы аб барацьбе з гандлем органамі і Стамбульскай канвэнцыі аб перадухіленьні набыцьця і продажу органаў і трансплянтацыйнага турызму. З прычыны магчымых злоўжываньняў Рада Эўропы стварыла плятформу для маніторынгу выездаў на трансплянтацыю органаў у іншыя краіны. Чарнагорыя таксама зьяўляецца часткай гэтай плятформы.
Форум