Супрацоўнікі Памежнай службы ў Радаме затрымалі 10 чалавек па падазрэньні ў арганізацыі незаконнага ўезду ў Польшчу замежнікаў па падробленых запрашэньнях на працу. Сярод затрыманых — чыноўнікі, паведамляе Польская памежная служба.
Затрыманых падазраюць у тым, што яны ў пэрыяд з 2019 па 2024 год у паўднёвых раёнах Мазавецкага ваяводзтва арганізоўвалі «нелегальнае перасячэньне мяжы Польшчы замежнікамі з краін павышанай міграцыйнай рызыкі» — у пераліку гэтых краін называецца і Беларусь (таксама ў пераліку — Турэччына, Грузія, Туркмэністан, Узбэкістан, Індыя, Пакістан, Руанда, Афганістан, Філіпіны, Гана, Казахстан, Ірак, Іран, Нігерыя, Банглядэш, Нэпал і Шры-Ланка).
На падставе прапанаваных ад імя нібыта сапраўдных працадаўцаў запрашэньняў на сэзонныя работы, з абавязацельствам працаўладкаваньня замежніка і наданьня яму жытла, удзельнікі групоўкі атрымлівалі сэртыфікаты, якія даюць падставы для атрыманьня замежнікамі польскіх працоўных візаў.
Паводле папярэдніх ацэнак супрацоўнікаў Памежнай службы, групоўка змагла атрымаць больш за пяць тысяч сэртыфікатаў, якія дазваляюць запрашаць замежнікаў на сэзонныя працы, у выніку чаго атрымалі «значную матэрыяльную выгаду».
Па месцах жыхарства затрыманых, а таксама ў офісе раённага цэнтру занятасьці правялі ператрусы, у выніку канфіскавалі некалькі дзясяткаў носьбітаў інфармацыі, у тым ліку сім-карты, флэшкі, кампутары і мабільныя тэлефоны, а таксама некалькі дзясяткаў фірмовых пячатак, банкаўскую дакумэнтацыю, сэртыфікаты і выпіскі, 4 аўтамабілі агульным коштам 187 000 злотых і грошы ў памеры 187 650 злотых і 1 800 эўра.
Па справе затрымалі 10 чалавек, сярод іх — супрацоўнікі аднаго з раённых упраўленьняў працы. Тром з 10 затрыманых ужо выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. 5 чалавек арыштавалі на тры месяцы, астатніх адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе і маёмасны заклад, з забаронай на выезд з краіны.
Форум