Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 траўня: 9 гадоў калёніі за ахвяраваньні беларускім ініцыятывам, 4 гады — за ўдзел у «пляне Перамога» і камэнтары


Палітвязень Артур Роліч, архіўнае фота
Палітвязень Артур Роліч, архіўнае фота

Ахвяраваньні шэрагу беларускіх ініцыятываў даўно крыміналізаваныя ўладамі. Цяпер у Беларусі зьявіўся яшчэ адзін асуджаны за іх.

9 гадоў за ахвяраваньні

У Менскім гарадзкім судзе 20 траўня агучылі прысуд 39-гадоваму прадпрымальніку Артуру Ролічу — 9 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за данаты розным беларускім ініцыятывам.

Прысуд вынес Сяргей Кацар.

У 2013-м Роліч адкрыў уласны бізнэс — краму Grandbazaare, у якой прадаваў брэндавае адзеньне і абутак. А з 2023-га прадпрымальнік перавёў старонкі свайго бізнэсу на беларускую мову.

Артура асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і 2 арт. 290-1 («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»), ч. 1 і 2 арт. 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і арт. 361-2 КК («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»), які дзейнічаў да траўня 2021-га.

Жыхара Ліды асудзілі да 4 гадоў калёніі па трох «пратэставых» артыкулах

Горадзенскі абласны суд асудзіў лідчаніна Паўла Лукашэвіча на 4 гадоў калёніі і штраф у 22 000 рублёў за нібыта «абразу судзьдзі» і прадстаўніка ўлады, а таксама «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (арт. 369, 391 і 361 КК), паведамляе тэлеграм-канал «Задержания, суды в Лиде».

Пра затрыманьне жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча стала вядома 22 верасьня 2023 году. На міліцэйскім відэа ён казаў, што быў «зарэгістраваны ў пляне Перамога» і ў тэлеграме «пакідаў пагрозы сілавікам».

Павал Лукашэвіч працаваў у філіяле кампаніі «Белтэкс Оптык». У верасьні 2023 году, як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», сілавікі прыйшлі і да ягонага начальніка Аляксандра Аніскевіча. Той ведаў, што Лукашэвіча могуць затрымаць, і папярэдзіў яго. Пазьней Аніскевіча аштрафавалі на 1100 рублёў (30 базавых велічыняў).

Сілавікі затрымалі беларускамоўнага вядоўцу Андрэя Паплаўскага

На «пакаяльным відэа» Андрэя Паплаўскага прымусілі сказаць, што ён прытрымліваўся «мяккіх апазыцыйных поглядаў», быў падпісаны на «Nexta» і перасылаў пасты з гэтага каналу, паведамляе «Вясна».

У рэестры Міністэрства культуры ўказана, што Андрэй Паплаўскі зьяўляецца кіраўніком ТАА «АП Ивент». Кампанія створаная ў Менскай вобласьці.

Як расказваў сам Паплаўскі ў нядаўнім інтэрвію, ён «дзесяць гадоў вядзе вясельлі і карпаратывы на беларускай мове і прыводзіць гасьцей у атмасфэру шляхецкай карчмы».

Затрыманьне адміністратара чату

Сілавікі затрымалі адміністратара чату «Беларусы на Шри-Ланке».

Як высьветліла «Медиазона», затрыманы — Віктар Чайка. Ён аўтар невялікага ютуб-каналу «Дыялёгі аб Міры».

Паводле якога артыкула затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер, невядома.

Сьпявачку Ляўчук і блогера Павука будуць завочна судзіць па 14 артыкулах Крымінальнага кодэксу

31 траўня ў Берасьцейкім абласным судзе пачнуць завочна судзіць опэрную сьпявачку Маргарыту Ляўчук, блогера Андрэя Павука, а таксама Вольгу Павук, Аляксандра Чахоўскага, Ільлю Салянкова і Ўладзіслава Наважылава.

У справе фігуруе адразу 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод абвінавачваньняў — «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў», «зьнявага Лукашэнкі», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», паведамляе «Вясна | Брэст».

Сутнасьць абвінавачваньняў невядомая, і даведацца іх не атрымаецца, паколькі суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя — Сьвятлана Крамянеўская.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG