У сьпісе фігурантаў Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Юры Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна.
Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой.
Як паведамляе «Вясна», справу будзе разглядаць судзьдзя Ўладзімер Арэшка.
Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачваюць у «зьзяйсьненьні злачынстваў экстрэмісцкага характару ў сувязі з кампаніяй па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў постэлектаральны пэрыяд».
У чым абвінавачваюць адразу 20 чалавек:
- у «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці, учыненым групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
- «закліках да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту» (ч. 3 арт. 361 КК);
- у «змове або іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357);
- «уваходжаньні ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці» (ч. 3 арт. 361-1).
Дабравольскі: «Бачна, што закон іх не цікавіць»
Адзін зь фігурантаў справы, Аляксандар Дабравольскі, у камэнтары для Радыё Свабоды адзначыў, што яшчэ да працэсу беларускія ўлады парушаюць закон.
«Бачу, што я трапіў у добрую кампанію. Праўда, некаторых я ня ведаў да гэтай судовай справы, пра некаторых толькі чуў, але іншых ведаю і лічу вельмі прыстойнымі людзьмі. І гэта прыкмета таго, што ўлада баіцца, што хтосьці зь іх нават штосьці скажа. Ім прыпісваюць нібыта нейкую арганізаваную працу для захопу ўлады, але калі казаць пра захоп улады, дык жа вядома, хто гэта зрабіў. Але артыкул №3 Канстытуцыі ён, мабыць, не чытаў. А ў артыкуле тым напісана, што адзінай крыніцай улады заяўляецца народ. І калі народ яго не падтрымаў, не давярае, дык трэба сыходзіць. Вось тут ёсьць канфлікт, а не канфлікт паміж аналітыкамі і грамадзтвам. Аналітыкі людзі розныя, у іх розныя погляды. Яны павінны мець права і крытыкаваць, і падтрымліваць якія заўгодна ідэі. У ў гэтым ёсьць багацьце грамадзтва: калі ёсьць людзі, здольныя прапаноўваць розныя ідэі», — мяркуе Аляксандр Дабравольскі.
Палітык сказаў, што спакойна ставіцца да таго, што завочна яму пагражае вялікі турэмны тэрмін.
«Цяпер закону няма. Яны могуць за што заўгодна даць якое заўгодна пакараньне. Калі б хтосьці кіраваўся законам, дык гэтай справы не было б. Бо гэта проста сьмешна, што людзей, якія пісалі аналітычныя ці публіцыстычныя артыкулы, раптам абʼядналі ў нейкую варожую супольнасьць. Нічога варожага ў стаўленьні гэтых людзей да Беларусі няма. Наадварот, я думаю, яны патрыёты Беларусі. А што яны варожыя да цяперашняй улады, дык гэта якраз прыкмета таго, што ня трэба блытаць сваю кішэню зь дзяржаўнай і сваю пасаду зь дзяржаўнымі інтарэсамі».
31 траўня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца яшчэ адзін завочны суд, у дачыненьні да галоўнага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі.
Завочны суд у Берасьці
У гэты ж дзень Берасьцейскі абласны суд пачне завочны разгляд справы ў дачыненьні да блогера Андрэя Павука (абвінавачваецца па ч. 1 і 3 арт. 130; арт. 188; ч. 2 і 3 арт. 2031; ч. 1 арт. 3611; ч 369; ч. 1 ст. ч. 1 арт. сьпявачкі і актывісткі Маргарыты Ляўчук (ч. 3 арт. 3611; ч. 1 арт. 368; арт. 369; 370), яе былога мужа, актывіста і культурнага мэнэджэра Аляксандра Чахоўскага (арт. 369; 370), блогера Ільлі Салянкова (ч 3 арт.130, ч. 3 арт. 3611).
Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская пачне працэс а 10:00. Вядома, што разьбіральніцтва пройдзе ў закрытым рэжыме.
Што такое спэцвядзеньне
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.
Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).
Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
Форум