Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказаў першы дзень выбараў у Каардынацыйную раду


Падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай выбарам у Каардынацыйную раду. 19 траўня 2024 году
Падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай выбарам у Каардынацыйную раду. 19 траўня 2024 году

Першы дзень выбараў у Каардынацыйную раду (КР) прадэманстраваў даволі сьціплую яўку.

Сьцісла

  • Першы дзень выбараў у КР прадэманстраваў даволі сьціплую яўку.
  • Улада чыніла вялікі ціск супраць гэтых выбараў, каб зьнізіць іх рэпрэзэнтатыўнасьць.
  • Адносна нізкая цікавасьць да выбараў у КР была спароджаная ў тым ліку агульнай палітычнай апатыяй у Беларусі і ў дыяспары.
  • Сьвятлана Ціханоўская ня надта зацікаўленая ў зьяўленьні палітычнай супрацьвагі яе аўтарытэту ў выглядзе КР.
  • Палітычныя праекты іншых палітыкаў — крытыкаў выбараў у КР — таксама ня ўражваюць пасьпяховасьцю.

Першы дзень выбараў у Каардынацыйную раду паказаў даволі сьціплую яўку — 2463 удзельнікі галасаваньня. У наступныя дні лічба можа і павялічыцца, але наўрад ці кардынальна.

Прычынаў таму некалькі. Першая — вялізны ціск, які чынілі ўлады супраць Рады і выбараў у яе. Экстрэмісцкімі фармаваньнямі былі абвешчаныя і сама КР, і ўсе выбарчыя сьпісы, якія ўдзельнічаюць у выбарах; супраць усіх 257 кандыдатаў былі распачатыя крымінальныя справы, а іх маёмасьць у Беларусі арыштаваная. У першы дзень галасаваньня на выбарчую аплікацыю была ўчыненая DDOS атака, сэрвісы VPN у Беларусі былі заблякаваныя.

Другая прычына — даволі нізкі ўзровень цікавасьці грамадзтва (у Беларусі і ў дыяспары) да гэтых выбараў. Трансьляцыю ў Youtube палітычнай канфэрэнцыі, на якой напярэдадні выбараў былі прадстаўленыя пазыцыі ўсіх выбарчых блёкаў, глядзела ўсяго некалькі сотняў гледачоў.

Youtube у Беларусі не заблякаваны, за прагляд ролікаў у ім не саджаюць. За мяжой з палітычных прычынаў апынуліся сотні тысячаў беларусаў. Ім прагляд хады той канфэрэнцыі дакладна не пагражаў нічым. Так што сьпісваць усё на ціск, перасьлед і запалохваньне не выпадае.

Чаму ўлады так апантана супрацьдзейнічалі гэтым выбарам? Напэўна, таму, што бачылі ў абранай КР прывід легітымнага органу ўлады. Лукашэнка неаднаразова агучваў сцэнар, якога ён асьцерагаўся ў 2020 годзе — апазыцыя займае нейкі будынык, запрашае войскі NATO і яны прыходзяць на заклік. Пры ўсёй камічнасьці такога рэтраспэктыўнага сцэнару, улады мелі падставы перасьцерагацца нечага такога ў будучыні: абіраецца новы склад Рады, Захад прызнае яе легітымным парлямэнтам Беларусі, Рада запрашае войскі NATO, Захад атрымлівае нагоду пачаць вайну. У вар’яцкай кансьпіралягічнай карціне сьвету такі сцэнар уяўляецца рэальнай небясьпекай. І дзеля прадухіленьня гэтай уяўнай пагрозы рабіліся цалкам рэальныя крокі, каб зьнізіць яўку на гэтыя выбары.

Тут справа не ў юрыдычна вызначаным узроўні яўкі, дастатковым для прадстаўнічасьці вынікаў галасаваньня, а ў псыхалягічным чыньніку. Калі ў падобных выбарах удзельнічаюць дзясяткі тысячаў чалавек — гэта хоць нейкая прадстаўнічасьць. Калі ўсяго некалькі тысячаў — гэта ня надта пераканаўча і для пратэстнай часткі грамадзтва, і для заходніх партнэраў дэмакратычных сілаў.

Аднак высілкі ўлады насамрэч дадаліся, наклаліся і на пэўны грамадзкі кантэкст. Ёсьць стома ад палітыкі як такой і ў Беларусі, і ў эміграцыі. Функцыі і роля Каардынацыйнай рады многім незразумелыя. Ёсьць Сьвятлана Ціханоўская, ёсьць Абʼяднаны пераходны кабінэт, нашто яшчэ і Рада? Так, тлумачэньні былі дадзеныя шмат разоў — прадстаўнічы орган, абраны народам, протапарлямэнт, кантроль за офісам Ціханоўскай і АПК. Я не да таго, што гэтыя тлумачэньні былі кепскія самі па сабе, я да таго, што яны пераканалі, натхнілі нямногіх. Паказьнік гэтага — і прагляды канфэрэнцыі напярэдадні галасаваньня, і вынікі першага дня галасаваньня.

Напэўна, сваю ролю адыграла і тое, што Ціханоўская ня стала заклікаць беларусаў удзельнічаць у выбарах у КР. Сьпіс на чале зь яе дарадцам Аляксандрам Дабравольскім у іх удзельнічае, але асабіста асьвячаць гэтае мерапрыемства сваім аўтарытэтам Ціханоўская ня стала.

І як палітыка яе можна зразумець. Карысьці для яе ад гэтых выбараў не было ніякай. Хіба што толькі ў выпадку трыюмфальнай перамогі на іх сьпісу Дабравольскага, што не выглядае імаверным вынікам. Ва ўсіх іншых сцэнарах для Ціханоўскай відавочныя палітычныя страты. Асабліва ў выпадку, калі б перамогу атрымаў сьпіс Паўла Латушкі. У такім варыянце Рада магла б стаць другім, акрамя яе, цэнтрам у дэмакратычных сілах. Супрацьдзейнічаць выбарам у КР Ціханоўская ня стала, але і агітаваць за іх — таксама.

Ну, і скандалы, якія суправаджалі выбарчую кампанію, таксама не дадавалі ёй прывабнасьці. Часам спрэчкі і сваркі толькі падаграваюць цікавасьць да палітычнай кампаніі. Але тут ня той выпадак. І скандал з агітацыйнай рассылкай Аляксандра Азарава праз чат-бот пляну «Перамога», і скарачэньне сьпісу Розы Турарбекавай дзеля выкананьня гендэрнай квоты пакідалі адчуваньне недарэчнасьці, неадэкватнасьці.

Можна пералічваць і іншыя чыньнікі, але ўсе яны пра адно — беларускае грамадзтва цяпер не знаходзіцца ў стане падʼёму, уздыму, палітычнай мабілізацыі. Тут варта прыгадаць і дынаміку волевывяўленьняў беларусаў на плятформе «Голас». У 2020 годзе падчас выбараў пра вынікі свайго галасаваньня паведаміў прыкладна мільён беларусаў; у 2021 годзе ў галасаваньні на «Голасе» наконт перамоваў з уладай — каля 800 тысячаў; у 2022 годзе вынікі свайго галасаваньня на канстытуцыйным рэфэрэндуме паведамілі на «Голас» ужо каля 200 тысячаў. Калі экстрапаляваць гэтую дынаміку, то лічбы атрымліваюцца сьціплыя.

Канечне, цудам у сьвеце ёсьць месца заўсёды. І ня выключана, што ў наступныя дні выбараў у КР яўка павялічыцца істотна, а мой аналіз варта будзе скарэктаваць. Але і ў такім разе — ня надта. Бо ён — пераважна пра неспрыяльныя чыньнікі. А яны, сапраўды, такія, як я апісаў. Часам воля, драйв, парыў народу пераадольвае барʼеры і перашкоды. У 2020 годзе таксама хапала неспрыяльных чыньнікаў і перашкодаў. Але было тое, што іх пераадольвае. А цяпер — няма.

Варта прыгадаць яшчэ адзін чыньнік. Гэта крытыка выбараў у КР з боку камандаў шэрагу іншых апазыцыйных палітыкаў — Зянона Пазьняка і Валера Цапкалы. Іх каманды ў выбарах у КР ня ўдзельнічаюць, крытыка была вострай. Але можна нагадаць, што ў Цапкалы ёсьць свой палітычны праект — змаганьне за тое, каб Захад выставіў Лукашэнку ўльтыматум: альбо вызваленьне ўсіх палітвязьняў, альбо спыненьне ўсяго чыгуначнага руху паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Пад пэтыцыяй у падтрымку гэтага патрабаваньня з 7 лютага па 26 траўня паставілі свае подпісы 878 чалавек. Такім чынам, на выбарах у КР за першы дзень галасаваньня — 2463 галасы, за пэтыцыю Цапкалы на працягу больш як трох месяцаў — 878 чалавек. Не ў папрок нікому, але парадак лічбаў падобны. І гэта таксама паказьнік той самай апатыі, грамадзкай «дэмабілізацыі», якая пануе сёньня ў Беларусі. Такі стан ня будзе заўсёды, але цяпер ён такі.

У сувязі зь ім ніякім асаблівым расчараваньнем вынікі выбараў у КР ня будуць. Перадвыбарчая кампанія выявіла цікавыя новыя падыходы да палітычнай сытуацыі, прадэманстравала новыя палітычныя твары. Кампанія і выбары сталі пэўнай трэніроўкай у працы дэмакратычнага мэханізму. І гэта ўсё рэчы карысныя, у будучыні ад іх можа быць плён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG