Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень у Беларусі агонь забраў жыцьці 7 чалавек, сёлета сьмяротнасьць на пажарах вырасла на 18%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За мінулы дзень (з 6:00 25 траўня да 6:00 26 траўня) у пажарах у Беларусі загінулі сем чалавек, траўмы атрымалі яшчэ два чалавекі, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі.

Гібель людзей у выніку пажараў за апошнія содні зафіксавалі ў Віцебску, у Ваўкавыскім (Гарадзенская вобласьць) і Асіповіцкім (Магілёўская вобласьць) раёнах, па два чалавекі загінулі ў Барысаўскім і Пухавіцкім раёнах (Менская вобласьць).

Агулам за содні ў Беларусі адбылося 28 пажараў, з пачатку году — 2 423 (на 2,4% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась).

З пачатку 2024 году ў выніку пажараў у Беларусі загінулі 269 чалавек — на 18% больш, чым за той жа пэрыяд 2023 году (228), траўмаваныя 219 чалавек (на 3,5% менш, чым летась).

Сёлета 30 студзеня кіраўнік МНС Беларусі Вадзім Сіняўскі на пасяджэньні калегіі ведамства казаў, што адзін з галоўных вынікаў дзейнасьці Міністэрства па надзвычайных сытуацыях у 2023 годзе — зьніжэньне колькасьці пажараў і гібелі людзей ад іх.

За мінулыя суткі ў Беларусі ліквідавалі 6 пажараў у лясным фондзе Беларусі, паведаміла прэс-служба Мінлясгасу. Цяпер у Беларусі дзейнічае забарона наведваць лясы ў 23 раёнах з 118 (Акцябрскім, Барысаўскім, Бераставіцкім, Буда-Кашалёўскім, Бярэзінскім, Ваўкавыскім, Веткаўскім, Гарадзенскім, Гарадоцкім, Гомельскім, Добрускім, Докшыцкім, Ельскім, Іванаўскім, Калінкавіцкім, Лагойскім, Магілёўскім, Мазырскім, Мастоўскім, Нараўлянскім, Сьвіслацкім і Шчучынскім). Амаль ва ўсіх астатніх раёнах дзейнічае абмежаваньне на наведваньне лясоў, акрамя Лунінецкага і Пружанскага — там наведваць лясы можна.

На 26 траўня МНС паведаміла пра магчымыя навальніцы на захадзе Беларусі, назваўшы магчымымі фактарамі небясьпекі ў тым ліку ўзьнікненьне прыродных пажараў, а таксама пажараў у жылых і вытворчых будынках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG