Суд абгрунтаваў сваё рашэньне недастатковасьцю мер, якія прымаюцца для абароны цывільных жыхароў. За гэта прагаласавалі 13 судзьдзяў з 15, два былі супраць.
Акрамя таго, у рашэньні суду пазначана, што Ізраіль павінен забясьпечыць дастаўку ў сэктар Газа ўсёй неабходнай гуманітарнай дапамогі, а для гэтага трымаць памежны пераход у Рафаху адкрытым.
Размова ідзе пра так званыя тэрміновыя часовыя забесьпячальныя меры ў дачыненьні да Ізраілю па пазове, пададзеным раней ПАР і шэрагам іншых краінаў у сувязі з абвінавачаньнямі ў генацыдзе палестынцаў, якія Ізраіль адмаўляе.
У студзені суд запатрабаваў ад Ізраілю прыняць меры па недапушчэньні генацыду палестынскага насельніцтва Газы, не дапускаць заклікаў да генацыду, не зьнішчаць доказы ўчыненьня магчымых злачынстваў у Газе, а таксама садзейнічаць паляпшэньню гуманітарнай сытуацыі ў Газе.
Тады ён не патрабаваў поўнага спыненьня ваеннай апэрацыі Ізраілю супраць групоўкі ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) у Газе. Цяперашняе рашэньне тычыцца менавіта Рафаху, а ня ўсёй тэрыторыі сэктару. Суд ня стаў заклікаць Ізраіль цалкам спыніць апэрацыю супраць ХАМАС, чаго патрабавала ў сваім пазове ПАР.
Ізраіль настойвае, што мае права бараніць сябе ад пагрозы ХАМАС. «Ніякая сіла на Зямлі не прымусіць Ізраіль спыніць абарону сваіх грамадзян і перасьлед ХАМАСу ў Газе», — сказаў на брыфінгу ў пятніцу прэсавы сакратар ураду краіны Аві Хайман. Былы сталы прадстаўнік Ізраілю ў ААН Дані Данон напісаў у сацсетцы Х: «Пакуль судзьдзі Міжнароднага суду ў Гаазе цешацца камфортам і разыходзяцца да сваіх сем’яў, у Газе пакутуюць 125 закладнікаў. Ізраіль ня спыніць вайну, пакуль нашы закладнікі ня вернуцца дадому, а ХАМАС ня будзе цалкам пераможаны».
Агенцтва Reuters паведамляе, што адзін з вышэйшых чыноў ХАМАС ухваліў распараджэньне суду, але заявіў, што аднаго Рафаху недастаткова і што суд павінен загадаць Ізраілю цалкам спыніць баявыя дзеяньні ў сэктары Газа.
Міжнародны суд ААН ня мае магчымасьці прымусіць краіны да выкананьня сваіх рашэньняў. Напрыклад, у сакавіку 2022 году гэты ж суд прыняў рашэньне, якое загадвала Расеі неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, што не было выканана. У выпадку невыкананьня рашэньня суду краіны, якія таго пажадаюць, могуць увесьці санкцыі супраць Ізраілю.
- Пазоў ПАР да Ізраілю быў пададзены 29 сьнежня летась. 11 і 12 студзеня сёлета судзьдзі заслухалі аргумэнты бакоў. Ізраіль настойваў, што суд павінен адхіліць пазоў.
- Ізраіль пачаў кампанію ў Газе ў адказ на напад ХАМАС 7 кастрычніка мінулага году, які ацэньваецца як найбуйнейшае масавае забойства габрэяў з часоў Галакосту. ЗША і шэраг іншых краін падтрымалі права Ізраілю на самаабарону, падкрэсьліваючы пры гэтым, што ён павінен прытрымлівацца міжнароднага права.
- Амаль усе арабскія і мусульманскія краіны ўсклалі віну на Ізраіль, заяўляючы, што прычына канфлікту — у ізраільскай акупацыі палестынскіх тэрыторый. Большасьць краінаў-чальцоў ААН запатрабавалі ад Ізраілю спыніць апэрацыю, указваючы на вялікую колькасьць цывільных жыхароў, якія загінулі, і гуманітарную катастрофу ў Газе.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
- Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.
Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум