Сілавікі выклікаюць праваабаронцу Алену Масьлюкову ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці ў сувязі з завядзеньнем супраць яе крымінальнай справы.
Масьлюковай інкрымінуюць ч. 1, ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведамляе «Вясна». Праваабаронцу зьбіраюцца судзіць завочна. Ёй пагражае да 6 год зьняволеньня.
Масьлюкова сказала Свабодзе, што завядзеньне супраць яе перавытворчасьці не паўплывае на яе праваабарончую дзейнасьць.
«На што яны разьлічваюць? На тое, што забароняць мне працягваць сваю працу? Але не, як працавала, гэтак і буду працаваць. Мне закідаюць 361-4 артыкул — гэта садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Але, па шчырасьці, я не разумею, пра якую экстрэмісцкую дзейнасьць яны вядуць і ўвогуле дзе ў нашай краіне яны знайшлі экстрэмістаў? Прасьцей за ўсё прыдумляць падобныя справы і перасьледаваць людзей за іх вольную пазыцыю, за патрабаваньне свабоды слова і права выказваць сваё меркаваньне. І прынамсі за права быць пачутым. Але тады як наконт дэкляраванага плюралізму думак? Калі я нязгодная з гэтым рэжымам, дык я ім і кажу, што нязгодная, што парушаюцца правы чалавека ў Беларусі».
Пра сябе Алена Масьлюкова згадала, што супраць яе некалькі разоў заводзілі адміністрацыйныя справы, а ў кастрычніку 2020-га была спроба завесьці супраць яе крымінальную справу.
Зь лютага 2021 году Алена Масьлюкова жыве за мяжой. Паводле праваабаронцы, сёлета ў красавіку да яе на хатні адрас прыйшоў ліст са Сьледчага камітэту пра тое, што папярэдняе сьледзтва супраць яе было прыпыненае 9 красавіка, а 25 красавіка адноўленае.
«А пра тое, што распачатае спэцвядзеньне, даведалася толькі сёньня», — сказала праваабаронца Алена Масьлюкова.
Паводле Алены Масьлюковай, падобныя крымінальныя справы заведзеныя супраць яе калегаў з Горадні і Воршы Ўладзімера Хільмановіча і Ігара Казьмерчака.
«Цяжка пра гэта вось так, зьнянацку даведацца. Але пазыцыя мая такая: не дачакаюцца», — сказала Алена Масьлюкова.
- Масьлюкова ўзначальвала сьветлагорскае аддзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна», была актывісткай кампаній «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня», «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у 2018 годзе была ў ліку ініцыятараў кампаніі супраць будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску.
Форум