Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначылі дату завочнага суду над галоўным дарадцам Ціханоўскай Франакам Вячоркам


Франак Вячорка, архіўнае фота
Франак Вячорка, архіўнае фота

Завочны суд у дачыненьні Франака Вячоркі пачнецца 31 траўня ў 10:30 у Менску.

Працэс у Менскім гарадзкім судзе будзе весьці судзьдзя Валянціна Зянкевіч, вядомая вынясеньнем палітычна матываваных прысудаў, у прыватнасьці ў 2023 годзе ў «справе Tut.by», вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суду.

Аб пачатку спэцвядзеньня Сьледчы камітэт паведаміў 16 лютага.

35-гадоваму палітыку інкрымінавана 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і звады»), ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супраціўленьнем прадстаўнікам улады»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»), ч. 1 і 2 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, у тым ліку паўторна»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»), арт. 3691 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Рэакцыя Вячоркі

«Пра так званы „суд“ даведаўся ад журналістаў. Гэта чарговы фарс. Рэпрэсіўны апарат адпрацоўвае свае зарплаты. Ня ведаю, чаго яны гэтым дабіваюцца, але калі думаюць, што гэта спыніць мяне працягваць барацьбу, то памыляюцца.

Але гэты мой „суд“ завочны, віртуальны, а тысячы людзей унутры краіны праходзяць праз рэальныя суды і тэрміны. І я заклікаю сёньня думаць найперш пра іх», — заявіў Свабодзе Франак Вячорка.

На яго думку, «правасудзьдзе ўсё роўна наступіць, і ўсе, хто стаяць за ліпавымі абвінавачаньнямі, справамі і прысудамі, катаваньнямі і арыштамі, будуць несьці адказнасьць».

  • Спэцыяльнае вядзеньне — вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымае паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.
  • Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш. Актыўна выкарыстоўваецца супраць апанэнтаў дзейнай улады, якія пакінулі краіну.
  • На гэты момант у сьпісе фігурантаў, у дачыненьні да якіх СК пачаў спэцвядзеньне, 103 чалавекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG