У сувязі з пачаткам вучэньняў у Мінабароны Расеі адзначылі, што ракетныя злучэньні Паўднёвай вайсковай акругі адпрацоўваюць на іх падрыхтоўку да пуску ракет апэратыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр».
Тым часам асабовы склад задзейнічаных у вучэньні падразьдзяленьняў авіяцыі Паветрана-касьмічных сіл Расеі адпрацоўвае забесьпячэньне спэцыяльнымі баявымі часткамі авіяцыйных сродкаў паражэньня, у тым ліку аэрабалістычных гіпэргукавых ракет „Кінжал“, і вылеты ў прызначаныя раёны патруляваньня, паведамляе Мінабароны РФ.
Мінабароны Расеі зноў указала, што вучэньні праводзяцца «ў адказ на правакацыйныя заявы і пагрозы асобных заходніх афіцыйных асобаў» на адрас Расеі.
На другім і трэцім этапах вучэньняў да іх далучацца беларускія вайскоўцы, паведамілі раней Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін.
Тым часам Мінабароны Беларусі 21 траўня паведаміла аб правядзеньні камандна-штабнога вучэньня з органамі вайсковага кіраваньня і воінскімі часткамі тылавога забесьпячэньня. Яно пройдзе з 21 па 23 траўня, у вучэньні возьмуць удзел больш за 100 вайсковаабавязаных, прызваных з запасу.
- 6 траўня Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб правядзеньні ў найбліжэйшы час вучэньняў з тактычнай ядзернай зброяй у межах Паўднёвай вайсковай акругі ў адказ на «правакацыйныя заявы і пагрозы» Захаду. У камэнтарах амэрыканскіх чыноўнікаў гэта было названа безадказнымі паводзінамі.
- 7 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра пачатак праверкі гатоўнасьці сілаў і сродкаў носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз».
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што раптоўная праверка ядзернай гатоўнасьці ў Беларусі накіраваная на ўзмацненьне кампаніі ціску Крамля на Захад дзеля зьмяншэньня дапамогі Ўкраіне.
Форум