Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алейнік заклікаў краіны ШАС да салідарнасьці «ў супрацьстаяньні санкцыям, якія закранаюць усіх»


Удзельнікі сустрэчы міністраў замежных спраў краін Шанхайскай арганізацыі супрацы. Астана (Казахстан), 21 траўня 2024. Фота AFP
Удзельнікі сустрэчы міністраў замежных спраў краін Шанхайскай арганізацыі супрацы. Астана (Казахстан), 21 траўня 2024. Фота AFP

У 2024 годзе Беларусь павінна завяршыць працэс свайго далучэньня да Шанхайскай арганізацыі супрацы.

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заклікаў усе краіны Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) супольна супрацьстаяць міжнародным санкцыям.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі, 21 траўня Сяргей Алейнік упершыню ўзяў удзел у пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацы. Беларусь заявіла пра сваё ўступленьне ў арганізацыю, але пакуль не набыла статусу паўнавартаснага сябра ШАС.

«Беларусь заклікае краіны ШАС да салідарнасьці ў супрацьстаяньні санкцыйнаму ціску, які наўпрост ці ўскосна закранае сёньня ўсіх без выключэньня сябраў арганізацыі. Разьлічваем на працяг супольнай канструктыўнай працы па гэтай праблематыцы», — сказаў Сяргей Алейнік.

Паводле яго, Беларусь «пасьлядоўна прайшла ўсе этапы станаўленьня ў ШАС — спачатку ў статусе партнэра па дыялёгу, а потым у статусе назіральніка, і, нарэшце, завяршае працэдуру афармленьня паўнавартаснага сяброўства» ў арганізацыі.

Сяргей Алейнік у кулюарах сустрэчы ў Астане, 21 траўня 2024. Фота AFP
Сяргей Алейнік у кулюарах сустрэчы ў Астане, 21 траўня 2024. Фота AFP

Паўнапраўным сябрам ШАС Беларусь стане ў ліпені, заявіў 21 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён удакладніў, што сяброўства Беларусі ў арганізацыі будзе аформленае падчас найбліжэйшага саміту ШАС, які пройдзе 3–4 ліпеня ў Астане.

Пасяджэньне праходзіць у Астане (Казахстан). Раніцай 21 траўня міністраў замежных спраў Расеі, Пакістану, Індыі, Кіргістану, Узбэкістану, Таджыкістану, Кітаю, Казахстану, Беларусі і намесьніка міністра замежных спраў Ірану прыняў прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

Рада міністраў замежных спраў павінна падрыхтаваць 20 дакумэнтаў. Іх накіруюць на разгляд саміту кіраўнікоў дзяржаў краін ШАС — ён таксама адбудзецца ў Астане. Менавіта на гэтым саміце Беларусь мае афіцыйна далучыцца да арганізацыі.

Касым-Жамарт Такаеў асобна адзначыў удзел Беларусі ў пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краін ШАС. Ён заявіў, што разьлічвае на значны ўнёсак Беларусі ў «далейшае ўмацаваньне „шанхайскага духу“ і паглыбленьне шматбаковай супрацы ў рамках ШАС».

  • Шанхайскую арганізацыю супрацы заснавалі 15 ліпеня 2001 году лідэры Кітаю, Расеі, Казахстану, Таджыкістану, Кіргізстану і Ўзбэкістану. Яна задумвалася дзеля рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі і дзеля стварэньня ў пэрспэктыве зоны вольнага гандлю на прасторах ШАС.
  • Беларусь інтэгруецца ў ШАС амаль 15 гадоў: у 2010 годзе атрымала статус партнэра арганізацыі, у 2015-м — назіральніка.
  • У ліпені 2022 году Менск падаў заяўку на ўступленьне ў ШАС. У верасьні прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў паведаміў на саміце арганізацыі, што пачалася працэдура наданьня Беларусі статусу паўнапраўнага сябра.
  • У ліпені 2023 году Беларусь падпісала мэмарандум аб абавязаньнях дзеля атрыманьня статусу дзяржавы — сябра ШАС. Пасьля далучэньня ўсіх дакумэнтаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Беларусь атрымае 4 штатныя пасады ў сталых органах ШАС — па дзьве ў Сакратарыяце і ў выканаўчым камітэце Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры, і будзе плаціць складкі ў бюджэт. Доля адлічэньняў Беларусі ў бюджэт арганізацыі будзе складаць 5,8%. Для параўнаньня, доля Індыі — 5,9%, Казахстану — 17,6%, Кітаю — 20,6%, Кіргізстану — 8,8%, Пакістану — 5,9%, Расеі — 20,6%, Таджыкістану — 6% і Ўзбэкістану — 14,6%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG