Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтую кватэру майму дзеду далі як удзельніку вайны». Пагаварылі з героямі фільма ОНТ аб арышце маёмасьці ўцекачоў


Апячатаныя супрацоўнікамі КДБ дзьверы. Ілюстрацыйнае фота
Апячатаныя супрацоўнікамі КДБ дзьверы. Ілюстрацыйнае фота

Па словах суразмоўцаў, улады арыштавалі нават тыя кватэры, якія не зьяўляюцца прыватнай уласнасьцю.

Увечары 20 траўня дзяржаўны тэлеканал ОНТ паказаў сюжэт аб тым, як кватэры актывістаў беларускай дыяспары ўзломваюць у межах так званай «справы 104». У відэа назвалі імёны некаторых яе фігурантаў, хоць афіцыйна Сьледчы камітэт сьпіс абвінавачаных не прыводзіў. Свабода пагутарыла зь некаторымі беларусамі, чые кватэры паказалі ў сюжэце.

«Кампэнсацыя мусіць быць»

Прапагандыст Ігар Тур паказаў у сюжэце ОНТ, як сілавікі ламалі з дапамогай адмысловага інструмэнту ратавальнікаў дзьверы ў кватэрах беларускіх актывістаў, якія пасьля 2020 году жывуць за мяжой. Ён сьцьвярджаў, што гэтыя людзі заклікаюць да санкцый, ад чаго дзяржава мае эканамічныя страты.

«Страты, якія-ніякія, маюцца, так што кампэнсацыя мусіць быць. Кампэнсаваць страты будзем эканамічнымі мэтадамі. Умоўна кажучы, калі страты мільён даляраў, то мы кампэнсуем той самы мільён. Усё законна і справядліва», — заявіў Ігар Тур.

На прадэманстраваным відэа відаць, што дзьверы ў кватэрах пасьля вобшукаў заварылі з дапамогай арматуры і зварачнага апарата. Вядоўца паведаміў аб арышце кватэры Яны Латушкі — дачкі кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Паўла Латушкі. А таксама ў сюжэце дзяржаўнай прапаганды фігуравалі іншыя актывісты — Аляксандар Шышко, Ала Пухава, Андрэй Тупоўскі, Ганна Федаронак, гісторык Віктар Якубаў, каардынатар кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Дзьмітры Бандарэнка, журналіст-фрылянсэр Зьміцер Казакевіч. Усе кватэры апячатаныя, як адзначалася, у межах крымінальных спраў.


Ігар Тур у сваім сюжэце таксама дадаў, што лічба 104 не канчатковая. Сьпіс актывістаў, у якіх дзяржава зьбіраецца адбіраць нерухомасьць, будзе расьці.

Спадчына ад удзельніка Другой усясьветнай вайны

Адзін з тых, каго паказалі ў сюжэце, магілёвец Андрэй Тупоўскі. Ён расказаў Свабодзе, што кватэру, якую паказалі па тэлевізіі, атрымаў ягоны дзед як удзельнік Другой усясьветнай вайны.

«Мой дзед заслужыў гэтую кватэру, бо сваё здароўе паклаў на вайне», — кажа суразмоўца.

Па словах Тупоўскага, пасьля сьмерці дзеда кватэра адышла ягонаму тату, пасьля — самому Андрэю. Ён зазначыў, што жыльлё не прыватызаванае.

«Я прынцыпова не прыватызаваў кватэру, каб не спансаваць рэжым Лукашэнкі. Бо мой дзед заслужыў яе», — дадаў Андрэй Тупоўскі.

Ён лічыць, што такія дзеяньні ўлады — помста за яго актыўную дзейнасьць за мяжой. Тупоўскі кажа, што вядзе свой канал на ТikТok, цяпер балятуецца ў Каардынацыйную раду па сьпісе № 3 ад «Эўрапейскага выбару».

«Акурат цяпер мы распрацоўваем тэму адабраных кватэр. Тыя людзі, якія гэта зрабілі, будуць пакараныя ў новай Беларусі. Панясуць адказнасьць усе, нават майстры з камунальнай службы, якія будуць апраўдвацца, што яны хадзілі ламаць кватэры на загад міліцыі. У сваім ТikТok я трымаю Беларусь на парадку дня, паказваю, што я думаю. Таму мяне і паказалі ў прапагандысцкім сюжэце ў першых радах», — кажа Андрэй.

Ён верыць, што кватэры, якія цяпер забралі органы, людзі сабе некалі змогуць вярнуць.

Акцыя беларускіх эмігрантаў у Літве. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя беларускіх эмігрантаў у Літве. Ілюстрацыйнае фота

«Адвакаты ня хочуць гэтым займацца»

Жыхарка Гомля Ала Пухава ня ведала, што па ОНТ паказвалі яе фота і сюжэт пра канфіскацыю ейнага жыльля. Спасылку на перадачу ёй пазьней скінулі сваякі. Пра арышт кватэры жанчына даведалася 16 траўня, калі з адпаведнай заявай выступіў СК.

Ала спрабавала даведацца, якія падставы арышту кватэры, і знайсьці адваката, каб аспрэчыць яго. Але, як кажа, адвакаты адмаўляюцца працаваць у гэтай гісторыі.

«Няма словаў. Ніякія законы не працуюць у нас. Проста зьдзек, жах. Убачыць па тэлевізіі, як тваю кватэру ўзламалі, ходзяць там, потым заварылі яе? Яны надта актывізаваліся апошнім часам. Ім пагоны даюць за гэта ці што? Я ні ў чым не вінаватая: я ня здрадніца, не злачынца, я нічога благога не рабіла, не рабавала, нікога не зарэзала», — кажа Ала.

Жанчына дадала, што людзям, якія купяць ці нейкім чынам атрымаюць кватэры, якія цяпер забралі ў актывістаў, яны не прынясуць шчасьця.

«Мы вернемся і вернем сваё жытло», — дадала беларуска.

«Я шмат гадоў не жыву там»

У сюжэце ОНТ таксама паказалі кватэру, якая нібыта належыць актывістцы Караліне Цярэнцьевай зь Віцебску.

«Гэта проста абсурд. Я шмат гадоў не жыву там. Але вобшукі там праходзілі час ад часу. Праца, напэўна, такая ў людзей — хадзіць і хадзіць, шукаць. Сумна, несправядліва, крыўдна, эмацыйна цяжка. Але хутка ўсё зьменіцца, і я ў гэта веру, нават вельмі хутка, тады паглядзім», — кажа Караліна.

Па яе словах, паказаную ў сюжэце ОНТ кватэру апячатваюць ня першы раз. Падчас аднаго з вобшукаў там выламалі дзьверы і пашкодзілі батарэі ацяпленьня, у выніку суседзі атрымалі патоп.

«Цяпер, бачыце, дзьверы заварылі. Ну дзякую, што паклапаціліся, што ў кватэру ніхто ня трапіць», — дадала суразмоўца.

Караліна кажа, што, па вэрсіі органаў, яна парушыла закон, бо прымала ўдзел у мітынгу ў іншай краіне. Яна дадала, што жыльлё, якое паказалі ў сюжэце, не належыць ёй, яна проста была там зарэгістраваная.

«Як у мяне могуць забраць тое, што не належыць мне ўвогуле? Дзе лёгіка? Хаця пра што гэта я...» — кажа Караліна.

На ўмовах ананімнасьці са Свабодай падзяліўся сваёй гісторыяй яшчэ адзін беларускі актывіст. Ён кажа, што гісторыя не зьвязаная зь сюжэтам на тэлевізіі. Іван (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) жыве за мяжой ужо пэўны час. Ягоную кватэру ў Беларусі арыштавалі, а кватарантаў, якія здымалі жытло, выселілі за дзень да арышту кватэры і прымусілі даць падпіску аб невыдаваньні інфармацыі.

«Сказалі, што мяне абвінавачваюць у „экстрэмізьме“. Сьледчы камітэт ад камэнтароў сваякам адмовіўся. Сказалі глядзець на сайце», — кажа эмігрант.

Ён дадаў, што сілавікі ў кватэры нічога не ламалі. Арыштавалі лядоўню, мікрахвалёўку, тэлевізар. Потым дзьверы замкнулі на ключ і заплямбавалі пры сьведках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG