Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра Лукашэнку ў Карабаху: Злачынны рэжым клапоціцца толькі аб уласным выжываньні любой цаной


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Азэрбайджан і наведваньне Нагорнага Карабаху сьведчаць пра яго крывадушнасьць і ілюструюць слабасьць расейскіх «вайсковых саюзаў», напісала ў сацыяльнай сетцы «Х» дэмакратычная лідэрка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Дапамогай Азэрбайджану ў рэгіёне «беларускі дыктатар у чарговы раз падстаўляе Армэнію, свайго саюзьніка па АДКБ», адзначыла Ціханоўская.

«Злачынны рэжым клапоціцца толькі аб уласным выжываньні любой цаной», — падкрэсьліла яна.

Лукашэнка 15 траўня накіраваўся зь дзяржаўным візытам у Азэрбайджан, 17 траўня ў рамках візыту ён наведаў Нагорны Карабах.

Спачатку ён прыляцеў у горад Фізулі, які знаходзіцца пад кантролем Баку з кастрычніка 2020 году. У суправаджэньні прэзыдэнта Ільхама Аліева Лукашэнка «азнаёміўся з новым аэрапортам», гаворыцца ў паведамленьні ягонай прэсавай службы.

Паведамляецца таксама пра «трактарную тэхніку, падораную гораду» Лукашэнкам.

16 траўня падчас перамоваў у Баку Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнту Азербайджану садзейнічаньне ў пасьляваенным аднаўленьні тэрыторый Нагорнага Карабаху.

Афіцыйны Менск актыўна ўмацоўвае адносіны з Азэрбайджанам, які зьяўляецца праціўнікам Армэніі — саюзьніка Беларусі па Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Увосень мінулага году Азэрбайджан правёў у Нагорным Карабаху «антытэрарыстычныя мерапрыемствы лякальнага характару», у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі (НКР) абвясьціла аб спыненьні існаваньня самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 году.

Армэнія, якая падтрымлівала НКР, скрытыкавала АДКБ за адсутнасьць падтрымкі ў вайне з Азэрбайджанам за Нагорны Карабах і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасьці арганізацыі.

14 траўня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ягоная краіна «фармальна зьяўляецца чальцом АДКБ», але яе ўдзел у дзейнасьці арганізацыі замарожаны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG