Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечніку Бабарыкі Івану Краўцову завочна прысудзілі 11 гадоў калёніі


16 траўня Менскі гарадзкі суд у фармаце «спэцвядзеньня» (завочна) вынес прысуд па справе выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Разам» Івана Краўцова, паведамляе «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.

Судовая калегія па крымінальных справах Менгарсуду прысудзіла Івану Краўцову на падставе

  • ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») — пакараньне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўленьня волі;
  • ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») — 4 гады пазбаўленьня волі;
  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы») — 10 гадоў пазбаўленьня волі,
  • ч. 6 арт. 16 («пасобніцтва») і ч. 3 арт. 130 КК — 9 гадоў пазбаўленьня волі.

Шляхам частковага складаньня пакараньняў Івану Краўцову прызначылі канчатковае пакараньне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Для абвінавачаньня паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу («Махлярства), якое першапачаткова фігуравала ў судовым раскладзе, суд не знайшоў належных падставаў.

«Спэцвядзеньне» ў дачыненьні да палітычнага актывіста Сьледчы камітэт распачаў 23 студзеня 2024 году.

Іван Краўцоў — беларускі палітычны актывіст, архітэктар, мэнэджар, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Разам» і каманды кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2020 году Віктара Бабарыкі.

Івана Краўцова затрымалі разам з Марыяй Калесьнікавай, Антонам Раднянковым, Глебам Германам і Максімам Баграцовым 7 верасьня 2020 году, а на другі дзень Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што Марыя Калесьнікава, Іван Краўцоў і Максім Баграцоў напярэдадні ўвечары спрабавалі перасекчы мяжу Беларусі з Украінай.

З паведамленьняў стала зразумела, што Раднянкоў і Краўцоў перасеклі мяжу Украіны, відавочна, супраць сваёй волі, а Марыю Калесьнікаву ўзялі пад варту памежнікі. Яна парвала свой пашпарт на мяжы, каб яе не маглі выправадзіць за межы Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG