З 25 па 28 траўня пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду 3-га скліканьня. Галасаваць выбарнікі змогуць праз адмысловую праграму, якую распрацавалі пад кампанію. Распыталі, колькі каштуюць выбары і ці трацяць на іх нешта ўдзельнікі.
Арганізацыя выбараў
Выбарчая камісія ў складзе 6 чалавек, якая будзе каардынаваць працэс, — гэта валянтэры, заробку за гэтую працу яны не атрымліваюць. Пра гэта Свабодзе расказала старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька.
«Гэта выбары на падставе самаарганізацыі. Сябры КР стварылі выбарчую камісію з валянтэраў, мы не атрымліваем заробку ці нейкіх іншых прэфэрэнцый. Спонсараў, якія б фінансавалі гэта, няма. Выбары — гэта пра грошы, але большую частку мы робім бяз грошай. 19 траўня мы арганізоўваем канфэрэнцыю, на яе магчымая донарская падтрымка», — тлумачыць Прыходзька.
Таксама да выбараў хочуць зрабіць офлайн-пункт, дзе зьбяруцца назіральнікі, камісія і журналісты. Квіткі і жыльлё, магчыма, кампэнсуюць донары. Але колькі гэта будзе каштаваць, арганізатары сказаць пакуль ня могуць.
Праграма для галасаваньня
Распрацоўваньнем праграмы для галасаваньня падчас выбараў займаўся кіраўнік плятформы «Новая Беларусь» Павал Лібер. Колькі дакладна патрацілі на распрацоўку, ён падлічыць ня можа. Кажа, што значная частка працы рабілася на валянтэрскіх асновах.
«Мы ня можам дакладна падлічыць, колькі праграма каштавала, бо мы займаемся распрацоўваньнем дыджытал-ІД прыкладна паўтара года. Год таму запрашалі першы набор аўдыторыі, каб тэставаць праграму, і гэта мы рабілі за свае сродкі. Потым у нас былі партнэры, якія былі гатовыя прафінансаваць кавалак працы, калі фінальнае рашэньне будзе з адкрытым кодам. Частка людзей заходзіла ў праект на валянтэрскіх асновах, частка працы аплачвалася з сваёй кішэні», — расказвае Павал Лібэр.
Па яго словах, калі параўноўваць зь іншымі прадуктамі, то падобнае праграмнае забесьпячэньне можа каштаваць ад 200 тысяч да мільёнаў даляраў.
Адна з самых складаных частак аплікацыі — зрабіць так, каб дадзеныя не захоўваліся на сэрвэрах, кажа Лібэр.
«Мы выкарыстоўваем блокчэйн, таму дадзеныя захоўваюцца дэцэнтралізавана. Іх нельга спампаваць нейкай базай ці атрымаць да яе доступ. Гэта немагчыма. У нас таксама ёсьць незалежны аўдыт. За некалькі дзён да выбараў мы выкладзем адкрыты код, каб было відаць, як што працуе. Бо на адным даверы далёка ня выедзеш, трэба паказаць. Праграма вэрыфікуе чалавека па пашпарце і твары. Пасьля ідэнтыфікацыі можна прагаласаваць», — кажа Лібер.
Траты кааліцый
Галасаваць на выбарах у КР будуць за сьпісы кандыдатаў, усяго іх 12, імёны з кожнага сьпісу вядомыя. Чым вышэй асоба ў сьпісе, тым большая імавернасьць трапіць у склад КР.
У некаторых удзельнікаў выбараў можна заўважыць адмысловы дызайн агітацыйнай вопраткі, агітацыйную кампанію ў сацыяльных сетках. Але, як расказалі Свабодзе ўдзельнікі кампаніі, грошы на яе альбо ня трацяцца наагул, альбо праца вядзецца на валянтэрскіх асновах.
«Ніякіх мэтавых выдаткаў на рэкляму і на прасоўваньне нашай кампаніі мы ня маем і не накіроўваем. Наша кампанія — найперш расказваць пра тую працу, якую робяць чальцы нашай кааліцыі», — патлумачыла Свабодзе прэс-сакратарка кааліцыі «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Юлія Гарачая.
У кааліцыі «блёк Пракоп’ева — Ягорава» кажуць, што адмысловы дызайн пад кампанію ім распрацоўвалі валянтэры. А мэрч да кампаніі друкавалі за свае грошы, бо кампанія на самафінансаваньні.
Былі выдаткі на кампанію і ў кааліцыі «Моладзевы наступ». Па словах яе ўдзельнікаў, гэта рэкляма, а таксама фірмовыя майкі да выбараў.
«За свае грошы робім. На некаторыя рэчы скідаемся, хто можа (рэкляма, распрацоўка дызайну). Майкі кожны сам сабе друкуе», — расказала лідэрка кааліцыі Лізавета Пракопчык.
Форум