На цяперашні момант алімпійскія кваліфікацыйныя патрабаваньні і нарматывы выканалі 26 беларускіх спартоўцаў у 11 відах спорту, паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Хто зь беларускіх спартоўцаў і ў якіх відах спорту атрымаў ліцэнзіі:
- акадэмічнае веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч,
- веславаньне на байдарках і каноэ: Алег Юрэня, Юлія Трушкіна, Ангеліна Барданоўская, Вольга Клімава,
- грэка-рымская барацьба: Павал Глінчук, Кірыл Маскевіч, Абубакар Хаслаханаў,
- вольная барацьба: Арыян Цютрын, Магамед Кадзімагамедаў, Аляксандар Гуштын, Дзяніс Храмянкоў,
- жаночая барацьба: Ірына Курачкіна, Ванэса Каладзінская,
- плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко,
- скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская,
- стральба кулявая: Уладзіслаў Дэмеш,
- таэквандо: Георгій Гурцыеў,
- цяжкая атлетыка: Сюзана Валадзько, Яўген Ціханцоў, Эдуард Зязюлін,
- веласпорт: 1 ліцэнзія (не імянная).
Адбор на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў іншых відах спорту працягваецца.
Раней выканкам МАК рэкамэндаваў дапускаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах толькі ў якасьці нэўтральных атлетаў, прычым толькі тых, хто публічна не выказваўся ў падтрымку вайны, якую Расея пачала супраць Украіны, і хто ня зьвязаны з узброенымі сіламі ці органамі дзяржаўнай бясьпекі Расеі і Беларусі.
Таксама спартоўцы зь Беларусі і Расеі ня змогуць узяць удзел у парадзе дэлегацый на цырымоніі адкрыцьця гульняў.
У канцы сакавіка мэр Парыжу Ан Ідальга падчас свайго візыту ў Кіеў заявіла, што ў францускай сталіцы будуць ня рады прыезду расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду, якая павінна адкрыцца ў Парыжы ў канцы ліпеня. Словы мэра цытавала газэта Le Monde.
Форум