Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разграбаюць косткі народу». Чаркесы — пра рэзыдэнцыю Лукашэнкі на землях Краснай Паляны


Сувэнірная крама зь лялькамі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Краснай Паляне
Сувэнірная крама зь лялькамі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Краснай Паляне

У курортным пасёлку Красная Паляна ў раёне Сочы будуюць рэзыдэнцыю для Лукашэнкі. Да Каўкаскай вайны XIX стагодзьдзя, якая прывяла да масавага перасяленьня чаркесаў у Асманскую імпэрыю, Сочы і яго ваколіцы былі часткай гістарычных земляў гэтага народу.

Пра рэакцыю на будаўніцтва палаца на гэтай тэрыторыі рэдакцыі «Кавказ.Реалии» расказалі чаркескія актывісты.

У рэзыдэнцыі Лукашэнкі будуць тры элітныя катэджы, гатэль, басэйны, рэстаранны комплекс і шале, вынікае з расьсьледаваньня аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol і тэлеканала «Белсат». Агульная плошча ўчастка — больш за 97 000 квадратных мэтраў, ён належаў Беларусі з 2013 году, удакладняюць журналісты.

Кошт праекту ацэньваецца ў 50 мільёнаў даляраў, рынкавы кошт участка на Краснай Паляне — каля 100 мільёнаў даляраў. Пры гэтым, паводле дамовы, якая апынулася ў распараджэньні расьсьледнікаў, участак, які раней належаў дзяржаўнаму санаторыю «Беларусь», на даручэньне Лукашэнкі быў прададзены расейскай кампаніі па цане прыкладна ў 20 разоў ніжэйшай за рынкавую.

Імпэрыя і калёнія

Сочы і Чарнаморскае ўзьбярэжжа Каўказу агулам маюць вялікае культурнае і гістарычнае значэньне для чаркесаў, кажа чаркескі гісторык і актывіст Марцін Качэсако. Да Каўкаскай вайны XIX стагодзьдзя, якая прывяла да перасяленьня народу ў Асманскую імпэрыю, Сочы і яго ваколіцы былі часткай гістарычных земляў чаркесаў, адзначае ён.

Далучэньне Каўказу для Расейскай імпэрыі было стратэгічна важна дзеля выхаду да Чорнага мора праз тэрыторыю сёньняшняга Краснадарскага краю, кажа Качэсако:

«Імпэрыя хацела зрабіць гэтыя землі сваёй часткай, але там жылі чаркесы зь іншай культурай і сацыяльнай структурай. Тады ў імпэрыі палічылі, што чаркесаў немагчыма інтэграваць, і таму вырашылі, што землі трэба ачысьціць ад карэннага насельніцтва».

Пасьля заканчэньня Каўкаскай вайны карэннага насельніцтва на гэтых землях засталося няшмат, кажа старшыня руху «Чаркескі кангрэс» Кася Кік. Паводле ягонай ацэнкі, улады да думкі чаркесаў ставяцца як у клясычнай імпэрыі да калёній, таму нават калі б супраціў будаўніцтву рэзыдэнцыі Лукашэнкі ўнутры Расеі быў бы магчымы, пункт гледжаньня чаркесаў улады ўсё роўна б не ўзялі пад увагу.

У цэлым рэакцыя чаркесаў пакуль мінімальная, бо падзея яшчэ не займела розгаласу ў дыяспары, мяркуе кіраўнік Міжнароднай чаркескай рады Іяд Ёгар:

«Расея адмаўляецца прымаць пад увагу, што чаркесы — гістарычныя ўладальнікі гэтай зямлі: у імпэрскай сьвядомасьці Расеі яны ня маюць ніякіх правоў. Гэтая палітыка пачалася яшчэ з царскіх часоў, потым працягвалася ў СССР, а цяпер — і ў Расейскай Фэдэрацыі. Сьцісла яна заключаецца ў наступным: Чаркесія без чаркесаў. Расея зьдзейсьніла генацыд, этнічную чыстку і прымусовую дэпартацыю народу».

Саюзьнік Крамля

Зямлі ў раёне Сочы — месца, упадабанае для будаўніцтва дачаў і вілаў расейскімі алігархамі, у тым ліку і самім Пуціным, адзначае навуковы супрацоўнік грузінскага Фонду Рондэлі Аляксандар Квахадзэ. Узьвядзеньне ў гэтым раёне палаца для Лукашэнкі ён ня лічыць дзіўным.

Чаркесы нэгатыўна ўспрымаюць інфармацыю пра будоўлю рэзыдэнцыі Лукашэнкі, аднак чакаць нейкіх маштабных акцый пратэсту, на думку Квахадзэ, ня варта:

«Гэта было магчыма яшчэ некалькі гадоў таму, напрыклад у пэрыяд Алімпіяды ў Сочы. У параўнаньні з тым часам пратэсты з боку чаркесаў малаімаверныя. Акрамя таго, сама гэтая інфармацыя ня выклікала моцнай рэакцыі ў дыяспары».

Марцін Качэсако нагадвае, што калі ў 2014 годзе Расея праводзіла Алімпійскія гульні, чаркесы па ўсім сьвеце выступалі супраць:

«З маральнага пункту гледжаньня гэта зьдзек. Разграбаюць косьці зьнішчанага карэннага народу і на гэтым месцы будуюцца».

Будоўлю рэзыдэнцыі для Лукашэнкі можна разглядаць як непавагу да мясцовай гісторыі і культуры, кажа на ўмовах ананімнасьці чаркескі актывіст, які жыве ў Расеі. Пасьля мноства трагедый, якія перажыў народ, гэта ўзмацняе пачуцьцё несправядлівасьці, працягвае ён.

«У нармальнай дзяржаве будаўніцтва ў такіх гістарычна значных месцах павінна суправаджацца празрыстым абмеркаваньнем з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, уключаючы мясцовыя чаркескія грамады. Раней хаця б пэтыцыі можна было рабіць, а цяпер і за гэта могуць гадоў дзесяць даць. Таму пратэсты ўнутры краіны наўрад ці будуць… Але гэта ня значыць, што нам усё роўна», — заключае суразмоўца.

  • Прадстаўнікі чаркескіх нацыянальна-грамадзкіх аб’яднаньняў атрымалі адказы на звароты да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай спрасьціць парадак наданьня грамадзянства адыгам, якія пацярпелі падчас землятрусу ў Турэччыне на пачатку 2023 году. Паводле дзейнага заканадаўства яны суайчыньнікі расейцаў, бо іх продкі да высылкі ў XIX стагодзьдзі пражывалі на тэрыторыі Заходняга Каўказу. Аднак МЗС Расеі і іншыя ведамствы адзначылі немагчымасьць выдачы пашпартоў чаркесам, а праграма рэпатрыяцыі, якая дзейнічае больш за 20 гадоў, фактычна застаецца толькі на паперы.
  • Раней Фонд барацьбы з карупцыяй заяўляў пра выяўленьне ў Краснай Паляне сакрэтнай зімняй рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Участак плошчай 20 гектараў з двума дамамі, верталётнай пляцоўкай і ўласным падʼёмнікам у Краснапалянскім раёне журналісты знайшлі ў 2021 годзе. Паводле дакумэнтаў ён належыць кампаніі «Газпром», але Пуцін карыстаецца ім у якасьці зімовай рэзыдэнцыі, паведамлялі ў ФБК. Комплекс носіць назву «Дом прыёму афіцыйных гасьцей „Ачыпсэ“».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG