Пра зварот паведаміў Міжнародны інстытут прэсы.
Акрамя згаданага інстытуту, адпаведны зварот падпісалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў, Эўрапейскі цэнтар свабоды прэсы і СМІ, іншыя арганізацыі.
«Некалькі тыдняў вялася падрыхтоўка да гэтай заявы, але выпадак з Андрэем Гнётам даўно знаходзіцца пад увагай журналісцкіх арганізацый, — паведаміў „Позірку“ намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. — Незалежная асацыяцыя журналістаў Сэрбіі, якая сочыць за судом, таксама выказвае асьцярогі, што ўлады могуць сапраўды выдаць беларуса».
Гарэцкі адзначыў, што менавіта з гэтай прычыны журналісцкая супольнасьць і БАЖ вырашылі рабіць больш сумесных намаганьняў і «зрабіць усё на міжнародным узроўні, каб ня выдаць грамадзяніна Беларусі дыктатарскаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».
«Гнёт — відэограф, відэавытворца, ён безумоўна падпадае пад фармат БАЖ, да таго ж рэдакцыя Current Time накіроўвала ў сэрбскі суд ліст пра тое, што ён супрацоўнічаў з мэдыя і можа праз гэтае супрацоўніцтва лічыцца яго супрацоўнікам», — падкрэсьліў Гарэцкі.
Перасьлед Андрэя Гнёта
- Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён у Бялградзе пад вартай.
- Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
- У сьнежні 2023 году суд першай інстанцыі ў Сэрбіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але 12 сакавіка 2024 году Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне і адправіў справу на перагляд.
- У канцы лютага Інтэрпол заблякаваў зьвесткі Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
- Сябры Гнёта адкрылі збор для аплаты паслуг адвакатаў. Справай рэжысэра займаюцца чатыры абаронцы, іх праца працягваецца ўжо пяты месяц.
Форум