Зьміцер адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 14 у Навасадах. Вядома, што ў СІЗА ў Жодзіне ён быў паўгода ў карцары.
Раней жонка Зьмітра Дашкевіча Наста апублікавала адзін зь вершаў, якія муж напісаў ёй з калёніі.
Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго
Яны схапілі мяне
Ў дзень няшчасьця майго,
Калі рваўся к табе
Я з палону свайго.
Але Госпад мне быў
У нядолі падпорай
І на вольную вывеў
Мяне Ён прастору.
Шчыт збаўленьня мне даў,
Ўмацаваў ува сьне.
І ласкавасьць Яго
Памнажала мяне.
І хоць топчуць мяне,
Вораг ў душу плюе,
На змаганьне Хрыстос
За мяне паўстае.
Ўсё магу у Хрысьце,
Я у Збаўцы маім,
Я прайду увесь шлях
Разам з Богам Сьвятым.
Толькі веру маю
Захавай, Божа Мой,
І тады на муры
Узыйду я з Табой.
Толькі жоначку Ты,
Дух Сьвяты, асьвяці,
Каб любоўю яна
Ўсё здалела ў жыцьці.
Толькі дзетак маіх,
Тата мой, абдыймі
І далонькай Сваёй
Да Сябе прытулі.
Ўзьвесялімся тады
У тваім ратаваньні,
Калі вернеш ты наш
Палон на сьвітаньні.
І на досьвітку буду
Выглядаць Цябе я,
Хрыста ранкам праславіць
Уся наша сям’я.
- У кастрычніку 2023 году былога старшыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на год калёніі строгага рэжыму.
- Зьміцер павінен быў выйсьці на волю з папраўчай калёніі № 14 па заканчэньні тэрміну 11 ліпеня 2023 году, але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Судзьдзя Тацяна Дзеравянка прызначыла Зьмітру яшчэ год калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. У справе, паводле Насты Дашкевіч, напісалі, што нібыта «Зьміцер ня выйшаў на прагулку, адзін раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасьля начнога змаганьня з холадам».