«Паводле стану на 2 траўня 2024 году ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Кіргіскай Рэспублікі ў Расейскай Фэдэрацыі не паступала сыгналаў аб выпадках масавай адмовы грамадзянам Кіргіскай Рэспублікі ва ўезьдзе ў Расейскую Фэдэрацыю. У той жа час міністэрства і ўстановы Кіргіскай Рэспублікі за мяжой адсочваюць бягучую сытуацыю ў Расейскай Фэдэрацыі і яе ўплыў на прававое становішча грамадзян Кіргіскай Рэспублікі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Кіргізстану.
Пры гэтым міністэрства папрасіла сваіх грамадзянаў часова ўстрымацца ад наведваньня тэрыторыі Расеі да спыненьня раней уведзеных дадатковых захадаў бясьпекі і ўзмоцненага рэжыму кантролю на дзяржаўнай мяжы. Пра гэта папрасілі суайчыньнікаў, якія ня маюць паважных прычын для наведваньня Расеі.
У выпадку непрадбачанай сытуацыі або тэрміновых пытаньняў грамадзянаў Кіргізстану просяць зьвяртацца ў пасольства краіны ў Маскве.
27 красавіка стала вядома пра затрыманьні ў аэрапортах Расеі грамадзян Таджыкістану для правядзеньня больш пільнага надгляду і кантролю. Пасьля гэтага прыйшлі паведамленьні пра тое, што правяраюць ня толькі таджыкаў, але і кіргізаў.
Што папярэднічала
22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.
Сьледчы камітэт РФ раней паведамляў пра затрыманьне 12 падазраваных, вядома пра арышт 10 зь іх — у асноўным грамадзян Таджыкістану.
Пасьля першых затрыманьняў некалькі праваенных расейскіх каналаў апублікавалі здымкі і відэазапіс катаваньняў падазраваных у нападзе на канцэртную залю «Крокус сіці хол» — аднаму зь іх да геніталій падключылі вайсковы апарат сувязі ТА-57, які, у прыватнасьці, выкарыстоўваюць для катаваньняў разрадамі электрычнасьці, а другому адрэзалі нажом кавалак вуха, а затым прымушалі гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.
У судах, калі ўхваляліся рашэньні аб арышце падазраваных, яны выглядалі моцна зьбітымі.
Расейскія ўлады ніяк не пракамэнтавалі відэа з катаваньнямі затрыманых.
Форум