Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяцей даводзілася забіраць экстрана». Пракуратура Горадзеншчыны расказала пра парушэньні ў сыстэме абароны правоў дзяцей


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Пракуратура Горадзенскай вобласьці заявіла пра выяўленьне парушэньняў у сыстэме абароны правоў дзяцей. Паводле ведамства, у шэрагу выпадкаў дзяцей зь сям’і даводзілася забіраць экстрана, бо адказныя ведамствы своечасова не зрабілі захадаў для іх абароны, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу пракуратуры.

Паводле пракуратуры, летась у Горадзенскай вобласьці зьменшылася колькасьць дзяцей, бацькоў якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў. Разам з тым «ўпаўнаважаныя органы і арганізацыі не заўсёды прымалі меры да ўсебаковай ацэнкі становішча дзяцей у сем’ях». Па выніках праверкі ў шэрагу раёнаў выявілі, што адказныя органы прынялі «неабгрунтаваныя рашэньні аб адсутнасьці крытэраў і паказчыкаў сацыяльна небясьпечнага становішча дзяцей». У шэрагу выпадкаў дзяцей зь сям’і даводзілася забіраць экстрана, адзначае пракуратура, і прыводзіць два падобныя выпадкі.

У Ленінскім раёне Горадні пяцярых дзяцей у чэрвені 2023 году забралі зь сям’і, потым вярнулі. Дзеці пражылі дома каля месяца, бо быў «зарэгістраваны чарговы факт, які паказаў на пагрозу іх жыцьцю і здароўю». Органы апекі экстрана забралі дзяцей і зьвярнуліся ў суд дзеля пазбаўленьня іхных маці і бацькі бацькоўскіх правоў.

У студзені 2024 году ў аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкаму паступіла інфармацыя з тэрытарыяльнага РАУС, што маці чатырохгадовага дзіцяці знаходзіцца дома ў п’яным выглядзе. Супрацоўнікі дзіцячага садка № 2 Астраўца «па выніках сацыяльнага расьсьледаваньня» не прызналі, што дзіця знаходзіцца «ў сацыяльна небясьпечным становішчы» (СНС). Пазьней, у сакавіку 2024 году, пракурорскія работнікі высьветлілі, што жанчына сыстэматычна ўжывае алькаголь, цяпер вырашаецца пытаньне аб пастаноўцы сям’і на ўлік.

Розныя дзяржаўныя органы і пракуратура актывізавалі працу ў выяўленьні дзяцей, якія знаходзяцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы» пасьля трагедыі, якая здарылася ў Воршы. 14 лютага ў кватэры аднаго з дамоў знайшлі целы 4 дзяцей з прыкметамі задушэньня. СК паведаміў, што да здарэньня можа быць датычная 36-гадовая маці дзяцей, завялі справу за наўмыснае забойства (паводле ч. 2 арт.139 КК), але 16 лютага маці памерла ў лякарні. У сям’і выхоўвалася шасьцёра дзяцей, усе яны былі прызнаныя тымі, хто ў «сацыяльна-небсьпечным становішчы».

Пасьля трагедыі з забойствам дзяцей у Воршы сваіх пасад пазбавіліся два чыноўнікі райвыканкаму: Андрэй Загурскі, начальнік аддзела адукацыі, і Віктар Калачоў, намесьнік старшыні райвыканкаму.

У кастрычніку 2023 году ў сувязі з забойствам бацькамі свайго трохгадовага дзіцяці ў Слуцку завялі крымінальную справу супраць службовых асобаў, у абавязкі якіх уваходзіла прафіляктыка сямейнай праблемнасьці. Бацьку дзіцяці Аляксандру Таратуту вынесьлі сьмяротны прысуд, маці Анастасію Таратуту асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Бацькі сыстэматычна катавалі дзіця, але сям’я не была прызнанай такой, што знаходзіцца ў«сацыяльна небясьпечным становішчы».

У сьнежні 2023 году ў Беларусі зьмянілі падыходы да прызнаньня «дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы». У прыватнасьці, гэта закранула дзяцей у сем’ях, дзе бацькі абое афіцыйна не працаўладкаваныя.

У СНС маюць права ўключыць на падставе палітычнага перасьледу: калі кагосьці з бацькоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за «прапаганду або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» (арт. 19.10 КаАП); «распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе яе» (19.11); «незаконны выраб і (або) распаўсюд мэтодык альбо іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў» (19.12).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG