Пра адкрыцьцё памятнай дошкі ў гонар мастака паведаміў у сваім фэйсбуку Сяргей Плыткевіч.
Зьяўленьне памятнай дошкі стала магчымым дзякуючы ініцыятыве мясцовага краязнаўцы Зьмітра Іўчанкі.
«А ён зацікавіўся земляком пасьля выставы Лявона Баразны, да арганізацыі якой спрычыніўся мастак Мікола Купава…» — напісаў Плыткевіч.
Мэмарыяльная выстава, у якой прадстаўленыя, сярод іншага, працы Лявона Баразны ранейшага пэрыяду, цяпер праходзіць у Талачынскім краязнаўчым музэі.
Лявон Баразна — мастак, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–70-х гадоў. Па прафэсіі мастак і мастацтвазнаўца. Ён стварыў шэраг альбомаў, прысьвечаных народнаму адзеньню і беларускім арнамэнтам, і, па сутнасьці, заснаваў школу нацыянальнага сцэнічнага касьцюму і «апрануў» дзясяткі фальклёрных ансамбляў. Ягоная кніга «Гравюры Францыска Скарыны» стала надзвычай важкім укладам у скарыніяну.
Менавіта Лявон Баразна разам зь Зянонам Пазьняком распачаў змаганьне з заплянаваным уладамі зьнішчэньнем старажытнай менскай вуліцы Нямігі. Артыкул у яе абарону сябрам удалося надрукаваць у галоўнай савецкай газэце «Правда».
Забіты ў 1972 годзе ў цэнтры Менску ўдарам нажа.
Форум