Украіна перадасьць Літве ўсю наяўную інфармацыю аб працоўных дачыненьнях, даходах і сплачаных за іх падатках 34 грамадзян Беларусі, якія ўвозілі на літоўскую тэрыторыю вялікія сумы ўкраінскіх грыўняў для далейшага абмену на эўра ці даляры ЗША.
Як стала вядома Свабодзе, украінскі суд даў адпаведны дазвол сьледчаму Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны на падставе звароту кампэтэнтных органаў Літвы.
Дэпартамэнт расьсьледаваньня крымінальнай дзейнасьці Мытнай крымінальнай службы Літвы з сакавіка 2023 году расьсьледуе справу аб арганізаваных злачынных групах на тэрыторыі Беларусі і Расеі, якія распараджаюцца вялікімі сумамі ўкраінскіх грыўняў. Грошы вывозілі ў Літву, Польшчу і іншыя краіны Эўразьвязу для іх далейшай канвэртацыі ў эўра і даляры.
Згодна з папярэднім расьсьледаваньнем, злачынныя арганізацыі выкарыстоўвалі для вывазу грыўняў грамадзян Беларусі, Расеі, Літвы, Украіны, Польшчы, Румыніі, Грэцыі і іншых краін. Спачатку за адно перамяшчэньне ўкраінскіх грошай кур’ерам выплачвалі ганарар у памеры ад 40 да 50 эўра, а пазьней яго павялічылі да 5% ад сумы, якую прапанавалі вывезьці.
Паводле інфармацыі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, з 24 лютага 2022 году да першага студзеня 2023 году, з украінскіх банкаматаў выкралі 447,7 мільёна грыўняў (больш за 11 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС.).
У Літве пачалі расьсьледаваньне пасьля таго, як з 17 сьнежня 2022 году да 19 сакавіка 2023 году зарэгістравалі вялікія сумы абмену ўкраінскіх грыўняў. Літоўскі бок запрасіў інфармацыю аб 64 украінскіх і іншаземных грамадзянах, сярод якіх 34 маюць беларускае грамадзянства.
Раней Мытная крымінальная служба Літвы паведамляла, што ў 2023 годзе на мяжы скафіскавалі ўкраінскіх грыўняў на суму каля 2 мільёнаў эўра.
Форум