У Вільні каля амбасады Беларусі невядомыя разьбілі партрэты чатырох загінулых беларусаў.
Як паведаміла выданьне delfi.lt з спасылкай на паліцыю, акт вандалізму, імаверна, адбыўся 21 сьнежня з 14:00 да 18:50.
Апроч таго, нападнік перавярнуў фатаздымкі і разьбіў сьвечкі.
Паліцыя расьсьледуе факт парушэньня грамадзкага парадку.
Раніцай 22 сьнежня мэмарыял ужо аднавілі.
- Мэмарыял памяці беларусаў у Вільні ў 2020 годзе зьявіўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі падчас пратэстаў былі забітыя Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў і іншыя беларусы, што негвалтоўна выступілі супраць улады. Мэмарыял складаецца з фота ўсіх вядомых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне — і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, ваюючы за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі. Побач з фатаздымкамі стаяць зьнічы, якія штовечар запальваюць. Беларусы прыносяць да мэмарыялу кветкі, прыбіраюць, сочаць за станам партрэтаў.
- У кастрычніку 2020 году пралукашэнкаўскі і прарасейскі блогер Лаўрынас Рагельскіс спрабаваў зьнішчыць мэмарыял.
- У жніўні 2023 году невядомыя зноў апаганілі мэмарыял: раскідалі практычна ўсе зьнічы, многія зь іх разьбілі. Неабыякавыя беларусы рэгулярна аднаўляюць мэмарыял.
- 26 траўня 2024 году мэмарыял зноў апаганілі: перакулілі некаторыя партрэты, разьбілі сьвечкі. Паліцыя тады паведаміла, што мэмарыял апаганіў чалавек зь «неадэкватнымі паводзінамі». Паліцыянты яго затрымалі і даставілі ў аддзяленьне.
Форум