Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады працягваць злоўжываць сыстэмай правасудзьдзя», — Amnesty International пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі за 2023 год


Лягатып Amnesty International
Лягатып Amnesty International

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала сваю гадавую справаздачу з дакумэнтацыяй праблемаў у сфэры правоў чалавека за 2023 год ў 155 краінах.

Паводле Amnesty International у Беларусі у 2023 годзе:

  • Па-ранейшаму жорстка абмяжоўвалі правы на свабоду выказваньня думак, аб’яднаньняў і сходаў.
  • Рэлігійныя меншасьці сутыкаліся з дыскрымінацыяй.
  • Сыстэму правасудзьдзя выкарыстоўвалі для задушэньня іншадумства. Катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня былі шырока распаўсюджаныя, а выканаўцы заставаліся беспакаранымі.
  • Уцекачы і мігранты былі аб’ектамі гвалту з боку ўладаў.
  • Працягвалі выносіць сьмяротныя прысуды, але пра выкананьне пакараньняў не паведамлялі.

У справаздачы Amnesty International адзначаецца, што міжнародная ізаляцыя Беларусі паглыбілася, а яе суседзі па ЭЗ узмацнілі памежны кантроль пасьля таго, як Беларусь пагадзілася прыняць у сябе расейскую прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр» і разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую тактычную ядзерную зброю.

Паводле ацэнак, якія падае Amnesty International, каля 350 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля задушэньня іншадумства ў 2020 годзе, што прывяло да няхваткі працоўнай сілы. Улады спрабавалі прымусіць многіх людзей вярнуцца, у тым ліку спыніўшы выдачу пашпартоў у беларускіх консульствах за мяжой.

У траўні 2023-га папраўкі ў Крымінальны кодэкс яшчэ больш спрасьцілі ўладам перасьлед за «злачынствы антыдзяржаўнай скіраванасьці» і ўвялі крымінальную адказнасьць за «дыскрэдытацыю» ўзброеных сілаў і іншых дзяржаўных, у тым ліку ваенізаваных арганізацыяў, гаворыцца ў справаздачы міжнароднай арганізацыі.

Кнігі і іншая друкаваная прадукцыя аб’яўляліся па-за законам як «экстрэмісцкія матэрыялы», а дзясяткі людзей штомесяц траплялі ў зьняволеньне за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы ў Telegram.

Беларускія суды працягвалі выносіць прысуды асобам за «абразу» прадстаўнікоў улады, «дыскрэдытацыю» дзяржаўных органаў і сымбаляў або за «распальваньне варожасьці і звады».

Узмацніліся рэпрэсіі супраць незалежных арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, НДА, прафэсійных арганізацыяў, этнічных і рэлігійных супольнасьцяў, падкрэсьлівае Amnesty International. Усім 12 апазыцыйным партыям адмовілі ў перарэгістрацыі, іх зьліквідавалі ў спробе «расчысьціць поле» для выбараў.

Неабгрунтаваныя абвінавачваньні ў «экстрэмізьме» выкарыстоўваліся для ліквідацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, такіх як праваабарончы цэнтар «Вясна», які ў жніўні прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Людзей арыштоўвалі за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці або арганізацыяў».

З кастрычніка 2023 году ў рамках шырокамаштабнага задушэньня іншадумства ўсе рэлігійныя арганізацыі мусілі прайсьці перарэгістрацыю. У іншым выпадку ім пагражала закрыцьцё, адзначаюць праваабаронцы.

Працягваліся рэпрэсіі супраць каталіцкіх сьвятароў і пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» (у чэрвені будынак царквы зьнесьлі). У жніўні дзьве інтэрнэт-публікацыі 2020 года, што асуджалі гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, прызналі «экстрэмісцкімі», а двух пастараў арыштавалі. У кастрычніку царкву «зьліквідавалі» рашэньнем суду за «экстрэмісцкую дзейнасьць».

Права на свабоду сходаў заставалася жорстка абмежаваным. Праз 3 гады пасьля пратэстаў 2020 году ўлады працягвалі беспадстаўны перасьлед і зьняволеньне як мірных удзельнікаў, так і тых, хто іх падтрымліваў, у тым ліку ахвяраваньнямі.

Улады працягвалі злоўжываць сыстэмай правасудзьдзя для зьнішчэння любога іншадумства, а разам з тым і палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў і адвакатаў.

Працягваліся рэпрэсіі супраць адвакатаў, якія абаранялі ахвяраў палітычна матываванага перасьледу.

Паводле праваабаронцаў, як мінімум 10 адвакатаў пакаралі зьняволеньнем і больш за 100 пазбавілі ліцэнзіі або выдалі адмову ў яе працягу. Такім чынам ім помсьцілі за выкананьне прафэсійных абавязкаў.

Па-ранейшаму шырока прымяняліся катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня. Выканаўцы такіх дзеяньняў працягвалі заставацца беспакаранымі. Асобы, асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваньнях, сутыкаліся з жорсткім абыходжаньнем і бесчалавечнымі ўмовамі. Ім адмаўлялі ў належным мэдыцынскім абслугоўваньні, кантактах з членамі сямʼі і фізычных практыкаваньнях на сьвежым паветры.

Улады працягвалі перашкаджаць праваабаронцам выконваць іх працу, у тым ліку шляхам неабгрунтаваных затрыманьняў, падкрэсьлівае Amnesty International.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG