Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьбіраецца «Ўсебеларускі народны сход». Што ён можа зрабіць у тэорыі і на практыцы


Падчас папярэдняга «Ўсебеларускага народнага сходу», Менск, 11 лютага 2021
Падчас папярэдняга «Ўсебеларускага народнага сходу», Менск, 11 лютага 2021

24 красавіка ў Менску пачынаецца так званы «Ўсебеларускі народны сход», які мае ісьці два дні. Гэты орган, у які няма прамых выбараў, атрымаў пашыраныя паўнамоцтвы. Расказваем, што такое УНС і чаго ад яго можна чакаць.

Якія цяпер паўнамоцтвы «Ўсебеларускага народнага сходу»

  • Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, афіцыйна прынятай на рэфэрэндуме ў лютым 2022 году, УНС — «найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладзьдзя». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
  • УНС будзе зацьвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў, прапаноўваць рэфэрэндумы ды іншае.
  • УНС таксама можа прымаць рашэньне аб зьняцьці з пасады прэзыдэнта Беларусі, калі той сыстэматычна ці груба парушае Канстытуцыю Беларусі альбо ўчыніў дзяржаўную здраду ці іншае цяжкае злачынства. УНС таксама мае права ўвесьці ў Беларусі надзвычайнае ці ваеннае становішча ў выпадку бязьдзеяньня прэзыдэнта.
  • Пры гэтым у новай рэдакцыі Канстытуцыі няма забароны для Аляксандра Лукашэнкі адначасова займаць і пасаду прэзыдэнта, і пасаду старшыні УНС.

Хто стаў дэлегатамі цяперашняга «Ўсебеларускага народнага сходу»

  • Калі іншыя інстытуты ўлады (прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў, мясцовыя саветы) хаця б фармальна выбіраюцца, то ва Ўсебеларускі народны сход няма прамых выбараў.
  • З 1200 дэлегатаў цяперашняга сходу траціна — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савету Рэспублікі, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. У поўным складзе ў УНС возьмуць удзел дэпутаты Менскага гарсавету. Рэшта — прадстаўнікі «канструктыўнай грамадзкасьці»: члены прафсаюзаў, саюзаў жанчын і вэтэранаў, партыі «Белая Русь» і БРСМ.
  • У мінулыя гады перад паседжаньнямі УНС дзяржаўная тэлевізія паказвала сходы на прадпрыемствах, дзе кандыдатуры дэлегатаў нібыта абмяркоўваліся, а пасьля праводзілася галасаваньне. Цяпер гэтага не было.

Што мае рабіць цяперашні «Ўсебеларускі народны сход»

  • У першы дзень будуць разглядаць у асноўным арганізацыйна-выбарныя пытаньні: фармаваць рабочыя органы, падліковую камісію, выбіраць старшыню, намесьніка старшыні, прэзыдыюм УНС.
  • «Усебеларускі народны сход» мае зацьвердзіць Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і ваенную дактрыну краіны. УНС таксама будзе вызначаць сьвяточныя і памятныя дні, ухваляць кадравыя рашэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG