Шклоўскі раённы суд прысудзіў палітвязьню Анатолю Латушку, стрыечнаму брату апазыцыйнага палітыка Паўла Латушкі, турэмны рэжым, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Суд над Анатолем Латушкам адбыўся 22 сакавіка, палітвязень ужо дастаўлены ў горадзенскую турму.
У верасьні 2022 году Анатоль Латушка быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня і штраф у 300 базавых велічынь за нанясеньне «Пагоні» на паштовыя скрыні.
На працэсе над Анатолем Латушкам прагучала інфармацыя, што падчас затрыманьня да яго была ўжытая фізычная сіла. Праз тры тыдні пасьля суду над Анатолем Латушкам адбыўся працэс над ягонай жонкай Аленай, якой прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».
Спачатку Анатоль Латушка адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1, потым быў пераведзены ў шклоўскую калёнію № 17. Цяпер на 6 месяцаў месцам зьняволеньня палітвязьня стала горадзенская турма № 1.
За апошні год многіх вядомых палітвязьняў перавялі на турэмны рэжым.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня 2022 году Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У першым складзе сярод іншых працавалі:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Тады заявілі аб пачатку распрацоўкі пляну «Перамога», намерах дабівацца безумоўнага вываду Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Пасьля стварэньня Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.
ХХХ