Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўнае будзе расказана і паказана пасьля перамогі». Выйшла першая друкаваная гісторыя палка імя Каліноўскага


Фотаальбом «Гісторыя палка імя Кастуся Каліноўскага ў фатаграфіях і ўспамінах ваяроў. 2022–2024»
Фотаальбом «Гісторыя палка імя Кастуся Каліноўскага ў фатаграфіях і ўспамінах ваяроў. 2022–2024»

Фотаальбом «Гісторыя палка імя Кастуся Каліноўскага ў фатаграфіях і ўспамінах ваяроў. 2022–2024» будзе прадавацца, каб сабраць грошы на 10 грузавых квадрацыклаў для ваяроў.

«Адна з задач — не нашкодзіць»

Выданьне першай фатакнігі пра полк Кастуся Каліноўскага спансавалі беларускія дыяспары ЗША і Польшчы. Задума стварэньня фотаальбома належыць прэс-службе палка.

«Мы паспрабавалі даць магчымасьць чытачу крыху „пажыць“ жыцьцём беларускіх добраахвотнікаў, прайсьці за імі ад гораду да гораду, прыблізна адчуць дух рызыкі, вайны, братэрства, а яшчэ перажыць моманты посьпехаў, падтрымкі і гонару. Галоўнае, вядома, будзе расказана і паказана пасьля перамогі. Аднак сёньня гэта, мабыць, адзіная поўная гісторыя палка. Таму кнігу можна лічыць каштоўным гістарычным артэфактам», — кажа прадстаўнік прэс-службы.

На стварэньне альбома спатрэбіліся месяцы. Пэўны час пайшоў на збор і ўдакладненьне дэталяў некаторых гістарычных падзей. Фотаматэрыял адбіраўся з тысяч кадраў, у тым ліку і з асабістых архіваў байцоў і іх сем’яў. У кнізе больш за 130 старонак, 11 разьдзелаў: «Першыя беларускія вайсковыя структуры ва Ўкраіне», «Полк Каліноўскага ў баях», «Загінулыя ваяры палка», «Легенды палка», «Баявыя ўзнагароды», «Помста рэжыму Лукашэнкі сваякам беларускіх добраахвотнікаў», «Полк Каліноўскага на шляху вызваленьня Беларусі» ды іншыя.

«На аўтсорс такую працу аддаць немагчыма зь меркаваньняў прыватнасьці — шэраг фатаграфій патрабаваў „блюру“ асоб і спэцыяльнай апрацоўкі.

Адна з задач была не нашкодзіць, не падставіць людзей, таму, мабыць, быў сур’ёзны і пільны адбор», — расказаў Свабодзе прадстаўнік прэс-службы палка.

Здымкі з асабістых архіваў ваяроў

Першымі спробамі аб’яднаць беларусаў у нацыянальную вайсковую адзінку стала стварэньне ў 2014 годзе атраду «Пагоня» і «Тактычнай групы «Беларусь» у 2015 годзе. Менавіта «Тактычная група» стала касьцяком Беларускай роты пры тэрытарыяльнай абароне «Азоў», створанай у першыя дні вайны.

1 сакавіка 2022 года на базе палка «Азоў» з мэтай абароны Кіева быў сфармаваны першы ўзвод беларускіх добраахвотнікаў, які ўзначаліў Павал Суслаў з пазыўным «Волат». А 9 сакавіка было абвешчана аб стварэньні батальёна імя Каліноўскага. У фотаальбоме здымкі ваенкараў, а таксама шмат унікальных здымкаў з асабістых архіваў ваяроў: як добраахвотнікі вучацца валодаць зброяй, страляць на трэнавальнай базе палка «Азоў», як яны ваююць, адпачываюць. 21 траўня 2022 году беларускія добраахвотнікі заявілі пра стварэньне палка імя Кастуся Каліноўскага, камандзірам якога стаў Дзяніс Прохараў з пазыўным «Кіт».

З моманту стварэньня беларускае падразьдзяленьне брала ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту — за Кіеў, Ірпень, Мікалаеў, Лісічанск, Запарожжа, Бахмут, Кляшчэеўку ды іншыя ўкраінскія гарады.

Эмацыйныя, кранальныя здымкі — у разьдзеле «Загінулыя ваяры палка Каліноўскага». Першыя страты падразьдзяленьне панесла падчас абароны Кіева — у Бучы і Ірпяні. Тады загінулі беларускія добраахвотнікі Ільля Хрэнаў з пазыўным «Літвін» і Зьміцер Апанасовіч з пазыўным «Тэрор». За час вайны ва Ўкраіне загінулі Павал Суслаў з пазыўным «Волат», Іван Марчук «Брэст», Васіль Грудавік «Атам», Васіль Парфянкоў «Сябро», Вадзім Шатроў «Папік», Міраслаў Лазоўскі «Мыш»... Пра многіх загінулых дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі нельга гаварыць.

Працяг будзе

«Надыдзе час, калі народ даведаецца імёны сваіх герояў», — пішуць складальнікі фотаальбому.

Укладальнікі першай кнігі спадзяюцца, што будзе працяг праекту. Цяпер яны працуюць над ангельскай вэрсіяй кнігі. Ёсьць таксама запыт на ўкраінскую вэрсію. Што тычыцца магчымасьці кнізе трапіць некалі ў Беларусь, прадстаўнік прэс-службы адказвае так:

«Завезьці кнігу зараз у Беларусь у прыватным парадку не зьяўляецца складанай задачай. Іншая справа — дачакацца часу, калі гісторыя палка імя Кастуся Каліноўскага як частка гісторыі вызваленьня Беларусі будзе стаяць на ганаровым месцы ў кнігарнях і бібліятэтах беларускіх гарадоў. Мы працуем дзеля таго, каб гэты момант набліжаць», — кажа прадстаўнік прэс-службы палка імя Кастуся Каліноўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG