У першым квартале 2024 году Польшча дала міжнародную абарону 670 беларусам. Гэта самая вялікая група замежнікаў, якія атрымліваюць міжнародную абарону ў краіне, вынікае са статыстыкі Ўпраўленьня па справах замежнікаў, паведамляе выданьне Most.
На другім месцы — украінцы: за тры месяцы задаволена 410 іх заяваў, на трэцім — расейцы (50 заяваў). Усяго ж міжнародную абарону за гэты пэрыяд атрымалі 1,2 тыс. іншаземцаў.
Польшча даволі рэдка адмаўляе беларусам у міжнароднай абароне. Агулам за першыя тры месяцы 2024 году па міжнародную абарону зьвярнуліся каля тысячы беларусаў, нэгатыўныя рашэньні вынесьлі па 30 справах (гэта каля 3% ад агульнай колькасьці заяўнікаў). Для параўнаньня: за той жа пэрыяд адмовілі 170 расейцам.
Сярэдні час разгляду справы складаў каля 4,5 месяца.
- З 9 жніўня 2020 году па 29 лютага 2024-га па міжнародную абарону ў Польшчы зьвярнуўся 10 161 грамадзянін Беларусі.
- За гэты ж пэрыяд агулам больш за 124 тысячы беларусаў атрымалі дакумэнт, які дае права на знаходжаньне ў Польшчы. Каля 41 тысячы грамадзян Беларусі атрымалі дазвол на пастаяннае пражываньне, што абумоўлена ў асноўным «картай паляка» ці польскім паходжаньнем, піша выданьне.