Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», 12 красавіка 2024 году прайшло судовае пасяджэньне па ўзмацненьні пакараньня Марыне Кісялевіч. У выніку ёй замянілі абмежаваньне волі на пазбаўленьне волі ў калёніі тэрмінам на 10 месяцаў.
Марына Кісялевіч — актывістка руху «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Рух заснавалі маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкулу Крымінальнага кодэксу. Сына Марыны асудзілі ў 2017 годзе да 13 гадоў калёніі.
Яе затрымалі 7 лютага 2022 году нібыта за паклёп на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу), таксама ёй паставілі ў віну абразу Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК).
1 студзеня 2022 году, у навагоднюю ноч, бізнэс-трэнэрка Марына Кісялевіч апынулася ў рэанімацыі таксыкалягічнага аддзяленьня лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Яе сябры сьцьвярджалі, што жанчына наглыталася таблетак у РУУС пасьля свайго затрыманьня. Яна напісала заяву на сілавікоў за давядзеньне да самагубства.
Марыну доўгі час утрымлівалі ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках, потым яе перавялі ў СІЗА-1. Вядома, што ў зьняволеньні жанчыну зьмяшчалі ў карцар за нязгоду з пастаноўкай на ўлік як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці», а яна абвяшчала галадоўку.
12 траўня 2022 году ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску Марыну Кісялевіч асудзілі да 4 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яе судзілі паводле «даносу неабыякавага» па допісах «УКантакце». Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Рудэнка. Пасьля вынясеньня прысуду палітзьняволеную вызвалілі ў залі суда да накіраваньня ў ПУАТ.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у канцы жніўня 2022 году Марыну Кісялевіч накіравалі ў берасьцейскую ПУАТ № 1.