Грамадзянін Беларусі Сяргей Карпушкін, які жыве ў Маямі, асуджаны ў ЗША да 21 месяца зьняволеньня за ўдзел у змове з мэтай абыходу санкцыяў і міжнародным адмываньні грошай. Таксама ён павінен вярнуць 4,7 млн даляраў, атрыманыя незаконным шляхам, паведамляе Міністэрства юстыцыі ЗША.
Сяргея Карпушкіна затрымалі ў красавіку 2023 году. У верасьні ён заключыў пагадненьне са сьледзтвам.
Разам зь ім па справе праходзіў былы дзелавы партнэр Карпушкіна Джон (Хуррэм) Кан Унсалан, прэзыдэнт кампаніі Metalhouse LLC, якая займаецца гандлем стальлю ў Арлянда (Флорыда). Яго асудзілі да 6 гадоў зьняволеньня за змову з мэтай адмываньня грошай для парушэньня санкцыяў ЗША, уведзеных супраць прарасейскага ўкраінскага алігарха Сяргея Курчанкі. Таксама ў яго канфіскуюць 160 мільёнаў даляраў, атрыманых злачынным шляхам.
Украінскі алігарх Курчанка трапіў пад санкцыі Ўпраўленьня па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіну ЗША (OFAC) у 2015 годзе за ягоную ролю ў незаконным прысваеньні дзяржаўных актываў Украіны або эканамічна значнай арганізацыі ва Ўкраіне. У 2018 годзе ў санкцыйны сьпіс трапілі дзьве кампаніі, падкантрольныя Курчанку, — ТАА «Кампанія Газ-Альянс» і «ЗАТ» «Знешгандальсэрвіс» — за наданьне матэрыяльнай падтрымкі так званым «ДНР» і «ЛНР».
Як указана ў судовых дакумэнтах, Унсалан і Карпушкін закупалі ў іх мэталургічнае абсталяваньне і сыравіну, ведаючы, што Курчанка і падкантрольныя яму кампаніі знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, якія забараняюць фізычным і юрыдычным асобам ЗША весьці бізнэс зь імі.
З ліпеня 2018 па кастрычнік 2021 году Унсалан у змове зь іншымі пералічыў больш за 150 мільёнаў даляраў Курчанку і кампаніям «Знешгандальсэрвіс» і «Кампанія Газ-Альянс». Дзейнічаючы праз Metalhouse, Унсалан атрымліваў ад кампаній дзясяткі тысяч тон мэталапрадукцыі. З ліпеня 2017 па жнівень 2020 году Карпушкін у змове з Унсаланам і іншымі бізнэс-партнэрамі праз Metalhouse заключаў кантракты і замовы на закупку чыгуну, сталёвай нарыхтоўкі і катанкі з гэтых кампаній. Саўдзельнікі хавалі ад амэрыканскіх банкаў і ўрадавых чыноўнікаў канчатковую крыніцу і паходжаньне тавараў, ведаючы, што ў іх не было неабходнага дазволу або ліцэнзіі ад OFAC на пагадненьні з Курчанкам і падкантрольнымі яму кампаніямі.