Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Учора быў шухер». Што адбываецца на «Гродна Азоце» пасьля атакі «Кібэрпартызанаў»


Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота

Супрацоўнік «Гродна Азоту» расказаў Свабодзе, што адбывалася пасьля атакі «Кібэрпартызанаў». Яны 17 красавіка паведамілі пра атаку на завод. Патрабуюць вызваліць частку палітвязьняў.

«Учора быў шухер»

«Гродна Азот» — найбуйнейшае хімічнае прадпрыемства Беларусі са складанымі працэсамі вытворчасьці. Парушэньне ягонай працы можа пагражаць экалягічнай катастрофай.

Хакерская група «Кібэрпартызаны» сьцьвярджае, што пад іхным кантролем апынуліся сайт прадпрыемства, унутраная паштовая скрыня, сотні працоўных кампутараў, сэрвэры, сыстэмы аховы і камэр назіраньня. Таксама парушаная праца кацельнага цэху. У якасьці доказаў у сваім тэлеграм-канале група апублікавала здымкі з камэраў відэаназіраньня і скрыншоты манітораў. Зьвесткі хакеры абяцаюць аднавіць, калі на волю выйдуць усе палітвязьні «Гродна Азот» і 75 палітвязьняў з найгоршым станам здароўя.

Сайт прадпрыемства azot.by па стане на 12:00 чацьвярга 18 красавіка не адкрываецца. Адбываецца аўтаматычная пераадрасацыя на старонку work.g-cloud.by — гэта хостынг-правайдэр Active Cloud, на якім знаходзіцца старонка «Гродна Азоту». Там паведамляюць, што цяпер «вядуцца тэхнічныя работы». На сайце газэты «Гродна Азот» няма ніякай інфармацыі пра інцыдэнт.

Паводле супрацоўніка «Гродна Азоту» (мы не называем імя суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС), інцыдэнт сапраўды ўчора быў. Наколькі сур’ёзна паўплываў на працу заводу, ён сказаць ня можа. Пра магчымыя затрыманьні супрацоўнікаў інфармацыі пакуль таксама няма.

«Учора быў шухер. Людзі гэта абмяркоўваюць, усе ведаюць, хто гэта зрабіў і чаму. Але наколькі моцна гэта закранула працу, я ня ведаю. Ведаю, што пэўныя аднаўляльныя працэсы яшчэ працягваюцца», — кажа крыніца Свабоды.

На прадпрыемстве камэнтаваць сытуацыю ў размове са Свабодай ня сталі, паклаўшы слухаўку адразу пасьля пытаньня.

Некалькі месяцаў падрыхтоўкі

Да гэтай апэрацыі актывісты рыхтаваліся некалькі месяцаў, расказала Свабодзе прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец. Зь ейных словаў, «атака даволі моцная і магла паўплываць ня толькі на дакумэнты і сеткі, але і на вытворчасьць». Акцыя, паводле яе, не магла нашкодзіць бясьпецы людзей.

Са словаў Юльяны Шаметавец, «Кібэрпартызаны» паказваюць той небясьпечны стан электроннай сыстэмы, у якім знаходзяцца беларускія прадпрыемствы. «Кібэрпартызаны» казалі, што гатовыя абараняць ключавыя беларускія прадпрыемствы і інфраструктуры, калі рэжым хаця б пачне выпускаць палітзьняволеных.

Як патлумачыла суразмоўца, «Кібэрпартызаны» праніклі ў самы ўнутраны контур сеткі, якая закранае кіраваньне вытворчасьцю. Па словах прадстаўніцы групоўкі, у гэтым контуры можна спыніць любы цэх, любую лінію вытворчасьці.

Палітвязьні-азотаўцы

Чатырох супрацоўнікаў «Гродна Азот» летась асудзілі ў справе «Рабочага руху». Сяргей Шэлест атрымаў 14 гадоў калёніі, Уладзімер Жураўка — 15 гадоў, Андрэй Пагерыла — 14 гадоў, Валянцін Цераневіч — 12 гадоў. Усе яны далучыліся да страйку на прадпрыемстве ў 2020 годзе.

Сяргей Шэлест і Андрэй Пагерыла падчас суду, 2022
Сяргей Шэлест і Андрэй Пагерыла падчас суду, 2022

Паводле матэрыялаў справы, удзельнікі «Рабочага руху» нібыта зьбіралі службовую інфармацыю і перадавалі яе за мяжу. Пракуратура сьцьвярджала, што асобныя фігуранты справы «плянавалі варыянты блякаваньня вытворчасьці на «Гродна Азоце».

Іх затрымалі ў верасьні 2021 году. Азотаўцы за кратамі больш за 2,5 года.

Лідэра незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту» Андрэя Ханевіча асудзілі на 5 гадоў калёніі нібыта за гутарку зь «Белсатам», падчас якой ён перадаў нейкія зьвесткі. Ханевіча затрымалі ў лістападзе 2022 году. Ён за кратамі паўтара года.

Андрэй Ханевіч
Андрэй Ханевіч

Колькасьць сяброў незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» пачала імкліва расьці са жніўня 2020 году, з 20 чалавек дасягнула больш як 500. Прафсаюз адстойваў правы звольненых азотаўцаў, якія далучыліся да страйку ў 2020 годзе. Беларускі незалежны прафсаюз зьліквідавалі ўвесну 2022-га.

Сябру незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту» Максіму Сеніку прысудзілі 4 гады калёніі за «абразу Лукашэнкі» і тое, што нібыта перадаваў інфармацыю з прадпрыемства лідэру страйкаму «Азоту» за мяжу. Сеніка затрымалі ў студзені 2023 году. Ён за кратамі больш за год.

Максім Сенік
Максім Сенік

Стаматоляга-артапэда мэдыка-санітарнай часткі «Гродна Азоту» Аляксандра Дураева адправілі ў калёнію на 3 гады за абразу былога намесьніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Барсукова, «паклёп» на Лукашэнку, а таксама за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні зброі. Дураеў нібыта напісаў больш за паўсотні абразьлівых камэнтароў у сацыяльных сетках. Яго затрымалі ў студзені 2022 году. За кратамі лекар больш за два гады.

Аляксандар Дураеў
Аляксандар Дураеў

Рабочага «Гродна Азот» Аляксея Забірана асудзілі на 3 гады калёніі за «абразу прэзыдэнта», «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальваньне варожасьці». Аляксей нарадзіўся ў Казахстане. Калі яму было восем гадоў, вярнуўся на этнічную радзіму ў Беларусь. З адукацыі гісторык, на «Гродна Азот» працаваў на рабочай пасадзе.

Аляксей Забіран
Аляксей Забіран

Лябарантцы хімічнага аналізу «Гродна Азоту» Вользе Белазёравай далі паўтара года «хатняй хіміі» за ўдзел у маршы пратэсту ў Горадні ў 2020 годзе.

Дакладная колькасьць палітвязьняў, якія раней працавалі на «Гродна Азоце», невядомая. Іх можа быць больш за дзевяць чалавек. Сама меней дзясяткі азотаўцаў прайшлі праз адміністрацыйныя арышты.

Пасьля выбараў у жніўні 2020 году супрацоўнікі «Гродна Азоту» патрабавалі ад кіраўніцтва публічна прызнаць фальсыфікацыі выбараў і пагражалі спыніць працу прадпрыемства. Рабочыя прадпрыемства далучыліся і да агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка 2020 году. Пасьля гэтага на работнікаў пачало ціснуць кіраўніцтва «Гродна Азоту» і сілавікі. Некаторых звольнілі, іншых затрымалі.

«Гродна Азот» знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу са сьнежня 2021 году менавіта за звальненьні і запалохваньне работнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Пазьней да санкцый ЭЗ далучылася Швайцарыя, Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя, а ў 2022 годзе — Японія і Ўкраіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG