Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Лазараў у калёніі захварэў на пнэўманію; сваякам Аўтуховіча вярнулі пасылку

абноўлена

Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч не атрымаў некаторых прадуктаў, якія яму дасылалі сваякі і знаёмыя ў вязьніцу.

«Прыйшла пасылка з турмы, пра якую Мікалай папярэджваў. У ёй тое са складу, што пратэрмінавана — тушаніна, крупы, якія так і ня выдалі. Чаму, невядома. Таксама вярнулі чырвоны перац чылі, які ён прасіў даслаць, але яму адказалі, што „не дазволена“», — паведаміла сваячка Аўтуховіча, якая жыве ў Польшчы.

Жанчына працытавала вытрымку зь ліста Аўтуховіча, дзе вядзецца пра перац.

«Заўсёды атрымліваў перац у перадачах, пасылках. Раней не было праблем са спэцыямі ані ў калёніі, ані ў турме, на турэмным рэжыме», — скардзіўся палітвязень у лісьце, які сваякі атрымалі ў лютым.

Паводле Аўтуховіча, у сьпісе забароненых прадуктаў чырвонага перцу няма, між тым прычыну забароны яму не назвалі.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня паводле 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх стварэньне злачыннай групоўкі і акт тэрарызму. Па ніводным зь іх Аўтуховіч віны не прызнаў. Трымаюць палітвязьня ў адзіночцы ў горадзенскай турме.

Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Зьняволены відэаапэратар Вячаслаў Лазараў у калёніі захварэў на пнэўманію

Як піша Беларуская асацыяцыя журналістаў, Вячаслаў Лазараў у калёніі хварэў на пнэўманію, а зараз, верагодна, трапіў у штрафны ізалятар. Пра гэта паведаміў праваабаронца Павал Левінаў, які даведаўся пра навіны палітзьняволенага віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава з асабістых крыніц.

«Вячаслаў ляжаў у лякарні, цяпер хвароба адступіла, ён пачуваецца лепей, настрой у яго бадзёры, — расказаў праваабаронца. — Аднак ёсьць і не такія добрыя навіны: верагодна, што з 11 красавіка яго накіравалі ў штрафны ізалятар. За якія правіны і на які тэрмін, невядома».

Лазараў адбывае прысуд у магілёўскай калёніі № 15. Ён мае адбыць пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму — такі вырак 22 лістапада 2023 году вынес Вярхоўны суд у выніку разгляду апэляцыйнай скаргі журналіста.

Вячаслаў Лазараў і ягоная жонка Тацяна Пыцько
Вячаслаў Лазараў і ягоная жонка Тацяна Пыцько

Віцебскі абласны суд прысудзіў яму пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле частак 2 і 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Судзьдзя Вярхоўнага суду Юры Руткоўскі перакваліфікаваў абвінавачаньне журналісту на частку 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні).

Вячаслава Лазарава судзілі разам з жонкай Тацянай Пыцько: іх абаіх вінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», абвешчаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваньнем. Віцебскі абласны суд прызначыў жанчыне тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вярхоўны суд, разгледзеўшы апэляцыйную скаргу, прызнаў Тацяну Пыцько вінаватай паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і прысудзіў ёй 3 гады зьняволеньня, але з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.

Відэаапэратара-фрылансэра затрымалі 9 лютага 2023 году ў Віцебску пасьля ператрусу ў кватэры па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамэру. Тацяну Пыцько затрымалі 6 чэрвеня 2023 году.

Вячаслаў Лазараў за кратамі ўжо 14 месяцаў. Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала яго палітычным вязьнем.

Ігара Аліневіча нядаўна зьмяшчалі ў ШЫЗА

Палізьняволенага анархіста Ігара Аліневіча зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА, паведамляе тэлеграм-канал «Право на восстание».

Вядома, што з пачатку 2024 году Ігара адпраўлялі ў штрафны ізалятар ужо некалькі разоў.

  • Ігар — актывіст анархісцкага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці. У выніку Ігара асудзілі на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Пазьней Аліневічу ўзмацнілі пакараньне і перавялі яго на турэмны рэжым у Жодзіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG