У красавіку пры рэстаўрацыйных работах на паўночных дзьвярах Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку знайшлі новыя графіці, адзін тэкст на іх стаў сапраўднай сэнсацыяй, паведамляе Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Дацэнтка БДПУ імя Максіма Танка Іна Калечыц расшыфравала надпіс наступным чынам:
«+Праставіўся (памёр) Аўдакім месяца сакавіка ў першы дзень, па[м]ін Сьвятога Спаса. Памяні, Госпадзе, у жыцьці вечным. Майстар грэчаскай стараны».
Такім чынам, дзякуючы графіці ўдалося даведацца імя яшчэ аднаго майстра і сьвятара Аўдакіма, які жыў у часы Эўфрасіньні Полацкай. Паводле экспэртаў Нацыянальнай акадэміі навук, яго «можна паставіць у адзін шэраг зь вядомымі імёнамі дойліда Іаана і майстра Лазара Богшы».
Графіці знайшлі на паўночных дзьвярах храма, калі расчышчалі фрагмэнт сьцяны. Памінальны запіс зроблены ў пяць радкоў памерам 17×6,5 см.
Як адзначаюць навукоўцы, храм зьяўляецца сапраўднай «бібліятэкай» надпісаў-графіці — колькасьць знойдзеных графіці дасягнула чатырох тысяч. Яны датуюцца пэрыядам з XII па XIX стагодзьдзі.