«З 2020 году кіраўніцтва Гродна Азот удзельнічае ў зьдзеках, ціску і палітычных рэпрэсіях у адносінах супрацоўнікаў прадпрыемства. Мы не забыліся карныя рэйды, даносы і масавыя звальненьні. Цяпер ваша чарга расплачвацца», — напісала супольнасьць на сваім канале, тлумачачы свае дзеяньні.
У якасьці доказаў узлому супольнасьць выклала некалькі здымкаў з экранаў і відэа.
У прыватнасьці, у выніку атакі, паводле сьцьверджаньня «Кібэрпартызанаў»:
- зашыфравана ўнутраная пошта, дакумэнтазварот і сотні працоўных ПК;
- зьнішчаны бэкапы базаў дадзеных, сэрвэраў, пошты, дакумэнтазвароту;
- узламаныя сыстэмы аховы і камэры назіраньня;
- парушана праца кацельнага цэху.
«Кібэрпартызаны» паставілі свае ўмовы:
«Каб аднавіць зьвесткі, дыктатару давядзецца вызваліць УСІХ палітвязьняў „Гродна Азоту“ + 75 палітвязьняў з найгоршым станам здароўя (на наша меркаваньне). Цяпер мы працавалі акуратна і задзейнічалі толькі малую частку нашых магчымасьцяў. Калі адмовіцеся, наступным разам стаўкі будуць яшчэ вышэйшыя».
- «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных праломнікаў (хакераў), якая зьявілася ў верасьні 2020 году.
- Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
- Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
- Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
- «Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ВуРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
- Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне правяраць новых добраахвотнікаў.
Супраць горадзенскага прадпрыемства ўведзены санкцыі Эўразьвязу. У Брусэлі лічаць, што «Гродна Азот» нясе і адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, бо на заводзе звальнялі і запалохвалі супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і страйку.
Аднак санкцыі ўдаецца абыходзіць. Раней Чэскі цэнтар расьсьледніцкай журналістыкі высьветліў, што ў Чэхію і Польшчу дастаўляюць карбамід, выраблены хімічным шляхам на прадпрыемстве «Гродна Азот».
«Гродна Азот» — адзіны вытворца карбаміду ў Беларусі. Эўразьвяз разам з Канадай, Злучанымі Штатамі, Вялікай Брытаніяй, а потым і Швайцарыяй увялі санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемства яшчэ ў 2021 годзе з прычыны «працягу парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабодаў на тэрыторыі Беларусі». Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнцкія выбары ў краіне чарговы раз прызналі сфальшаванымі на карысьць нязьменнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.